Суд Савецкага раёна Мінска 23 красавіка абавязаў заяўнікаў Еўрапейскага маршу выплаціць 2,1 млн. рублёў на карысць УП «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама».

Вулічная акцыя апазіцыі «Еўрапейскі марш» адбылася ў Мінску 14 кастрычніка 2007 года.

25 лютага 2008 года суд правёў першае пасяджэнне па іску УП «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама». Прадпрыемства запатрабавала ад заяўнікаў Еўрапейскага маршу кампенсаваць затраты на ўборку вуліц сталіцы пасля акцыі ў памеры 2 млн. 135 тыс. 974 рублёў.

23 красавіка суд сваім рашэннем поўнасцю задаволіў патрабаванні істца і пастанавіў спагнаць патрабуемую суму салідарна з заяўнікаў — лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, намеснікаў старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча і Вінцука Вячоркі, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і маладзёжных лідэраў Зьмітра Хведарука і Яўгена Афнагеля.

«Падчас судовага разгляду не прагучала ніводнага доказу таго, што «Гаррамаўтадар» панёс дадатковыя расходы па ўборцы і вывазе смецця», — заявіў БелаПАН А.Лябедзька.

Паводле яго слоў, рашэнне суда «стварае небяспечны прэцэдэнт». «Улада радыкалізуе частку грамадства. Цяпер проста губляецца сэнс спрабаваць у прававым полі рэалізаваць канстытуцыйныя правы грамадзян на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Людзі перастануць звяртацца да ўладаў па дазвол на правядзенне вулічных акцый, ніхто не будзе браць адказнасць за іх правядзенне. Як вынік, акцыі будуць больш радыкальнымі», — лічыць палітык.

А.Лябедзька паведаміў, што такія іскі заяўнікам вулічных акцый прад’явілі яшчэ сем арганізацый Мінска.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0