Аляксандр Лукашэнка чакае ад прадстаўнікоў гуманітарных навук адказаў на пытанні аб тым, як будаваць грамадства. Пра гэта заявіў старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў на семінары «Беларусь у кантэксце глабальных грамадска-палітычных тэндэнцый», які праходзіць 25 сакавіка ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Радзькоў нагадаў, што некалькі гадоў таму Лукашэнка прымаў удзел у агульным сходзе акадэміі навук, і тады, паводле слоў старшыні аб'яднання, кіраўніка дзяржавы найбольш зацікавіла тэма вывучэння працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве.

«Гэта праблемы развіцця дзяржавы, грамадзянскай супольнасці і ўнутры краіны, і ў кантэксце развіцця сусветнай цывілізацыі. Тут прэзідэнт вызначыў задачы: трэба зразумець наогул, як развіваецца свет, якія ўнутраныя і глабальныя могуць быць цяжкасці, як нам будаваць грамадства, развіваць яго структуру, улічыць усе небяспекі і не нарабіць памылак», — адзначыў Радзькоў.

Паводле яго слоў, вучоным неабходна знайсці падыходы да таго, каб «зразумець сучасную асобу, якая мае зараз магчымасць аператыўна падсілкоўвацца інфармацыяй, самай маштабнай і самай глыбокай, нават часам забароненай».

«Тым больш, паглядзіце, хто б мог уявіць некалькі гадоў таму, што так «успыхне «Еўропа, што ў Расіі будуць супярэчнасці ў адносінах з Украінай, што ўзнікне зусім незразумелае фарміраванне ІДІЛ з жаданнем стварыць сваю супердзяржаву, дзе людзей з усяго свету нешта прыцягвае, і яны гатовыя ахвяраваць сваім жыццём, ідучы на тэракты? І ці зможа цывілізаваная Еўропа гэтаму супрацьстаяць, ці здольнае хрысціянства супрацьстаяць гэтаму экстрэмісцкаму ісламу? З гэтым трэба разабрацца, і вельмі глыбока», — сказаў Радзькоў.

Пры гэтым ён заявіў, што вучоныя Інстытута філасофіі НАН «адчулі гэтыя пытанні пяць гадоў таму, але мы толькі набіраем абароты, каб усвядоміць гэтыя праблемы».

«Мы, можа быць, і невялікая краіна. Але мы ў цэнтры Еўропы, і мы краіна з інтэлектам. Мы краіна, якая даказала свету, што яна можа супрацьстаяць нават такім трагедыям, як фашызм — гэта ў нас у памяці. І мы можам аб сабе заявіць, можам жыць так, як хочам, але гэта трэба асэнсаваць», — сказаў на заканчэнне Радзькоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?