«За апошнія гады ўвага да гэтай знакавай у гісторыі беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці падзеі непараўнальна падвысілася. Але яе па-ранейшаму мала. Як на грамадзкім, так і дзяржаўным узроўні.
У звязку з тым, што праз два гады наша краіна будзе адзначаць 100-годдзе БНР, грамадзянская кампанія «Гавары праўду» лічыць своечасовым ужо зараз распачаць працу над мастацкім тэлесерыялам пра тыя гістарычныя падзеі», — гаворыцца ў заяве, якую Андрэй Дзьмітрыеў даслаў праз zvarot.by у Міністэрства культуры.
«Тэлевізійны мастацкі серыял паспрыяе не проста годнаму ўшанаванню 100-годдзя БНР, але і таму, каб нацыянальнае свята стала сапраўды ўсенародным. У цяперашніх палітычных варунках вельмі важна паказаць, што нашыя свабода, незалежнасць, дзяржаўнасць — зусім не шчаслівы выпадковы падарунак лёсу, а вынік векавога змагання цэлых радаводаў, многіх пакаленняў, тысяч і тысяч патрыётаў за беларускую будучыню», — лічаць у «Гавары праўду».
Таксама лідары кампаніі прапанавалі Міністэрству культуры выступіць з ініцыятывай абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР і прыняць адпаведную дзяржаўную праграму.