Рэдактары дзяржаўных СМІ працягваюць трымацца метадычак, згодна з якімі Еўропа гіне, і віной гэтаму — дэмакратыя і свабода, што вядзе да безуладдзя.
Тэракты ў Брусэлі сталі тэмай абмеркавання чарговага «Клуба рэдактараў» на БТ.
Яны падавалі тэрарызм, у тым ліку ісламскі, не як глабальную праблему, з якой даводзіцца сутыкацца ўсім краінам, а як еўрапейскую праблему.
«Ведаем, дрыжым ад страху, але нічога зрабіць не можам… Жах на еўрапейскіх трусоў, які аказвае ІДзІЛ», — задаў тон размове кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.
Пра тэракты ў Мінску 2011 і 2008 года, шматлікія тэракты ў Расіі ў 2000-х удзельнікі не ўзгадвалі.
«У першую чаргу трэба вінаваціць не спецслужбы. Няма жадання ў [еўрапейскіх] уладаў навесці парадак з тымі праблемамі. … Талерантнасць выглядае як злачынная халатнасць, з-за якой гібнуць дзясяткі людзей», — правёў тую самую думку кіраўнік тэлерадыёкампаніі «Мір» Уладзімір Пярцоў.
«З вашых слоў вынікае, што талерантнасць і дэмакратычныя каштоўнасці з'яўляюцца небяспечнымі для цывілізацыі», — працягнуў Генадзь Давыдзька.
«Там шарыят, там забойствы. А не лезуць яны туды [у мусульманскія кварталы], бо ў іх ёсць выбары», — нагнятаў Пярцоў.
«Скора будзем кожны тыдзень гаварыць пра тэракты, — страшыў рэдактар «Советской Белоруссіі» Павел Якубовіч. — Еўрапейскае насельніцтва робіцца часткай гета [сярод мусульманскіх кварталаў], — заявіў Якубовіч. — Яны [улады Еўропы] паставілі сябе і еўрапейскую цывілізацыю на мяжу падзей, пра якія нават думаць не хочацца».
Прадстаўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у гэтую гаворку не ўмешваўся, змаўчаў.
«Толькі жорсткае пакаранне можа навесці парадак», — падсумаваў Давыдзька.
Варта адзначыць, што большасць краін Еўрапейскага Саюза — Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Швецыя, Данія, Славенія, Чэхія, Славаччына, Нідэрланды і г.д. не ведалі вялікіх тэрактаў за сваю найноўшую гісторыю, у адрозненне ад Беларусі і Расіі. У Беларусі апошнія тэракты адбыліся ў 2005, 2008 і 2011 гадах.