Законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі» будзе вынесены на шырокае грамадскае абмеркаванне, паведаміў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка 28 сакавіка пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле яго слоў, грамадскае абмеркаванне законапраекта аб абыходжанні з жывёламі будзе арганізаванае «самым дбайным чынам». «Паспрабуем гэтую працу правесці да 1 ліпеня гэтага года», — цытуе Андрэйчанку БелТА.
Варта адзначыць, што закон аб абыходжанні з жывёламі ў Беларусі не могуць прыняць ужо больш за 10 гадоў. Праект неаднаразова абмяркоўваўся ў парламенце, але кожны раз яго вярталі на дапрацоўку з-за рэзкай крытыкі грамадскасці. Цяперашні законапраект быў распрацаваны ў красавіку—маі 2015 года ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ў канцы кастрычніка паступіў у Палату прадстаўнікоў. Для яго распрацоўкі была створаная рабочая група з удзелам прадстаўнікоў арганізацый па абароне жывёл, кінолагаў і іншых спецыялістаў.
Аднак выніковы варыянт законапраекта, апублікаваны на Нацыянальным прававым партале pravo.by ў снежні мінулага года, выклікаў незадаволенасць абаронцаў жывёл. «Фактычна праца, праведзеная ў межах сумеснай рабочай групы грамадскасці і адказных міністэрстваў, была праігнараваная», — заявілі яны.
Абаронцы жывёл ініцыявалі збор подпісаў пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай унесці змены ў праект закона, бо яго цяперашні варыянт «не здолее адпаведным чынам вырашыць існыя праблемы».
З законапраекта, у прыватнасці, цалкам выдалены раздзел «Адлоў жывёл», які рэгламентаваў парадак адлову і дастаўкі жывёл у пункты адлову і часовага ўтрымання, а таксама прапісваў абавязкі лаўцоў. Між тым, заяўляюць абаронцы жывёл, гэты раздзел неабходны, каб выключыць выпадкі адлову або забойства свойскіх жывёл, а таксама жорсткага адлову бяздомных жывёл.
Акрамя таго, праект закона абмяжоўвае да двух асобін колькасць сабак і катоў, якіх можна ўтрымліваць у кватэрах. Абаронцы жывёл выступаюць супраць такога жорсткага абмежавання і прапануюць выкарыстоўваць дыферэнцыяваны падыход у гэтым пытанні. Большасць удзельнікаў апытання (прыблізна 70%), праведзенага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, таксама выступілі супраць абмежавання колькасці сабак і катоў. З законапраекта выключаныя і шэраг іншых мер, раней узгодненых з абаронцамі жывёл.





