Сэр Пол МакКартні выступіць ва ўкраінскай сталіцы зь вялікім канцэртам на Майдане Незалежнасьці. Пра гэта паведаміў сёньня фонд Віктара Пінчука, па запрашэньні якога легендарны ўдзельнік The Beatles будзе сьпяваць у Кіеве.

Канцэрт адбудзецца 14 чэрвеня. Уваход будзе вольны. МакКартні нібы прыняў запрашэньне ўкраінскага алігарха Пінчука, зяця экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы, не з‑за грошай.

Спадар Пінчук сьцьвярджае, што вырашальным аргумэнтам у доўгіх перамовах стаў той факт, што пры бальшавіках The Beatles былі адзіным глытком свабоды для мільёнаў людзей на ўсёй прасторы СССР.

«Ідэалёгія й дух The Beatles паспрыялі разьвіцьцю дэмакратычных памкненьняў значнае часткі савецкага насельніцтва, якія, у рэшце рэшт, прывялі да мірнага распаду СССР і незалежнасьці былых савецкіх рэспублікаў», — гаворыцца ў сумеснай заяве Фонду Віктара Пінчука й Пола МакКартні.

Магчыма, з гэтай прычыны мерапрыемства пакуль называецца Independence Concert — Канцэрт Незалежнасьці.

«Трымаймася разам пад рытм рок‑н‑рола», кажа сэр Пол, камэнтуючы свой меркаваны прыезд, запрашаючы на канцэрт усіх жадаючых. Гэта будзе «вялікі вечар, і я маю надзею пабачыць там вас усіх», — кажа ён.

Акрамя канцэрту, Фонд Віктара Пінчука прадставіць 40 карцінаў Мак‑Картні ў PinchukArtCentre, які зьяўляецца найбуйным цэнтрам мастацтва ва Ўсходняй Эўропе. Гэта будзе першая выстава МакКартні ў нашым рэгіёне.

Нагадаем — у мінулым годзе на Майдане Незалежнасьці выступаў сэр Элтан Джон. Сэр Элтан быў у Кіеве ў межах акцыі супраць СНІД, і запусьціў шэраг адпаведных праектаў ва Ўкраіне разам са спадаром Пінчуком і ягонай жонкай Аленай Франчук.

Антон Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0