Нягледзячы на дзённы час, вагон паціху запаўняўся. Насупраць мяне моўчкі прысеў модны хлопец з хвосцікам. Побач сталая дачніца пачала месціць шматлікія клункі. За хвіліну да адпраўлення з’явіўся апошні папутчык.

Немалады мужчына ў зашмальцаванай скуранцы, выцертых джынсах, заляпаных граззю чаравіках ветліва ўсміхнуўся: «Свабодна?» Ён выцер шапкай узмакрэлы лоб і радасна плюхнуўся на лаву: «Паспеў!» Твар аж зіхацеў задаволенай чырванню чалавека, «які прыняў».

Вагон адчувальна штурганула, перон паплыў убок. «Паехалі! — радасна канстатаваў апошні пасажыр. — А вы, паненка, куды ж гэта?» Было відаць, што яму патрэбна кампанія, але гараджанцы зусім не хацелася размаўляць: «Молодой человек! Выпілі — ведіте себя прілічно!»

Суразмоўца без крыўды матнуў галавою: «Так, але зарабіў — права маю!» Дачніца недаверлівым позіркам правяла па прыкідзе «бізнэсоўца». «Вось глядзіце, — таямніца, разам з пахам цыбулі, упарта лезла вонкі. — Майстар прэмію даравую выпісаў, аж паўмільёна. Частка дасталася мне, астатняе — яму, ну і каму там яшчэ…»

Праз паўгадзіны ўсе ведалі Паўліка як аблупленага. Што мае сорак сем год, нежанаты, але будуе дом, якому патрэбна будзе гаспадыня, што жыве ў вёсцы за сем кіламетраў ад электрычкі, што доўгі час не працаваў, бо мае каня і «свае дачы», а зараз указ пагнаў «дармаеда» ў сталіцу.

У маналог пакрысе ўплятаўся сум «за загубленае ўладай жыццё»: «Думаеце, мне лёгка цягнуцца праз лес? Дажджом, па гразі… Ці зімою па снезе… Ад трох ночы грабешся, каб на першы цягнік паспець… А што зробіш: працы ні ў наваколлі, ні ў раёне няма, нават, як тут, за тры мільёны. Тым больш суткі праз трое. Добра вам, гарадскім!»

«Самі вінаватыя, трэба было старацца», — падліў смалы ў агонь «хвосцік».

«Старацца?! А як? Завод у райцэнтры разваліла перабудова, з інтэрнацкай койкі папрасілі… Ставіць уласны дом на станцыі не дазволіў старшыня сельсавета: «Пляц не дам, у бацькоў дом добры і вялікі! «Вялікі», аж два пакоі. Давялося ў маскоўскія заробкі ехаць — рамантаваць «палац». А як зачапіў трухлявыя сцены — і сёння канца няма… А падатак на нерухомасць дай… Улада называецца!» — ледзь не на ўвесь вагон кіпела абурэнне.

«А што б ты зрабіў, калі крызіс у дзяржаве?» — уздыхнула сухенькая бабулька з суседняй лавы.

«Я? — сумеўся вясковец. — Ну, па-першае, увёў бы падатак на дармавыя кватэры».

«Бесплатные?!— ахнула дачніца. — Я вон какой кредіт заплатіла!»

«3 аднае месячнай зарплаты! — засмяяўся нававыяўлены эканаміст. — Па-другое, перагледзеў бы сістэму аплаты. Чаму начальства не стараецца? А навошта ім! Жыллё дармавое, машыны казённыя, палучка ад 18 млн. А трэба так. Мне тры — тады ім максімум чатыры. А прадаў, пабегаў — бяры сабе свой працэнт. I сабекошт на тавар знізіцца! I наогул, трэба больш грошай даваць маладым і рабочым!»

«У тебя не спросілі», — здзекліва перабіў маналог моднік.

«Мо і лепш было б, каб спыталі. Чаму торг амаль стаў? Бо нельга вырабляць рэчы для беднаты і не даваць сродкаў на куплю! Вы вунь не ў «Марка» абуты, і кашуля не наша. Нябось, і кашу не на «Гефесце» варыце, і тэлевізар у вас не «Гарызонт»!» — «задушыў» заступніка праўдашукальнік.

Счырванелы маладзён захінуў моднае паліто квяцістым шалікам і цішком засунуў бліскучыя замежныя боцікі пад лаву.

«А маладым грошы патрэбны, бо ім не даляры ў панчосе падавай, а рэчы! I кватэры будаваць, і дзетак гадаваць! Трэба, каб іх лёс не нагадваў мой…» — падвёў рысу вясковы эканаміст.

У цішыні ён павольна падняўся, накінуў заплечнік: «Прабачце, калі што не так…» I размашыста пакрочыў да выхаду…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?