Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Я перакананы ў тым, што пабудова атамнай станцыі — гэта ёсьць стратэгічны прыярытэт Беларусі. І карыстацца тымі здабыткамі, якія цяпер імкнецца ажыцьцявіць улада, будзе не Лукашэнка, бо пытаньне канца Лукашэнкі — гэта пытаньне бліжэйшай гістарычнай пэрспэктывы. Карыстацца гэтым будзем мы», — такое меркаваньне падчас «круглага стала», прысьвечанага праблеме будаўніцтва беларускай АЭС выказаў адзін зь лідэраў незарегістраванай арганізацыі «Малады фронт», былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч.

Як лічыць малады палітык, у абмеркаваньне пабудовы атамнай станцыі «ўмяшаліся пытаньні стратэгіі й тактыкі». Пры гэтым «многія займаюцца крытыканствам», а большая частка прыхільнікаў дэмакратычнага руху катэгарычна адмаўляе ўсё, што прапануе ўлада, «не зважаючы на нацыянальныя інтарэсы Беларусі, у тым ліку і будаўніцтва АЭС».

Што да «пытаньняў тактыкі», то сп. Дашкевіч назваў у ліку іх вырашэньне, «якіх спэцыялістаў варта запрашаць, з дапамогаю якіх тэхналёгій гэта рабіць, у якім месцы».

«І, безумоўна, дэмакратычныя сілы ў гэтым пытаньні могуць знайсьці кансэнсус і заняць адзіную пазыцыю, заклікаючы да шырокай грамадзкай дыскусіі па праблемах будаўніцтва АЭС», — дадаў адзін зь лідэраў «Маладога фронту».

Інфармацыйны цэнтар АДС

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0