Андрэй Касьціцын |
За акіянам гэтай ноччу пачалася 1/4 фіналу Кубку Стэнлі. Барацьбу за самы прэстыжны хакейны трафэй па-ранейшаму працягваюць чатыры беларусы – Руслан Салей з «Каларада» і браты Андрэй і Сяргей Касьціцыны, а таксама Міхаіл Грабоўскі з «Манрэаля».
«Канадцы» зь цяжкасьцю пераламалі хаду першага матчу з «Філядэльфіяй Флаерс». Літаральна за паўхвіліны да фінальнай сырэны Аляксей Кавалёў выраўняў лік – 3:3. У овэртайме Кастапулос адразу прынёс першаю перамогу самай беларускай камандзе лізе – 4:3.
Дарэчы, нашы суайчыньнікі таксама не аказаліся ўбаку ад перамогі. Першую шайбу ў браму «лётчыкаў» закінуў Андрэй Касьціцын з перадачы малодшага брата. Другі матч сэрыі адбудзецца 27 красавіка.
З такім самым лікам 4:3 «Каларада Эвэланш» саступіла ў гасьцях «Дэтройту Рэд Ўінгс». «Чырвоныя крылы» выйгравалі зь лікам 4:1, але каманда Салея змагла адыграць дзьве шайбы. Праўда, на большае «лавін» не хапіла. Наступная гульня гэтых супернікаў ужо сёньня ноччу.