Палітыкі і грамадскія актывісты атрымліваюць складзеныя завочна пратаколы за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.

У прыватнасці, пратакол быў складзены на сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца. Як паведаміў палітык, дакумент быў дасланы на адрас яго бацькоў у Віцебску. Пры гэтым пратаколаў было два: за ўдзел у акцыі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка і пікеце ў падтрымку асуджанай у Расіі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, які прайшоў 21 сакавіка каля расійскага пасольства ў Мінску.

Паводле інфармацыі Севярынца, пратакол таксама быў складзены на грамадскага актывіста Леаніда Кулакова.

Акрамя таго, завочна складзены пратакол за ўдзел у акцыі з нагоды Дня Волі на старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

Першапачаткова шэсце на Дзень Волі планавалася ад Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, аднак Мінгарвыканкам змяніў маршрут, прапанаваўшы арганізатарам сабраць людзей каля кінатэатра «Кастрычнік» і прайсці па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор і правесці мітынг. Арганізатары назвалі рашэнне гарвыканкама правакацыйным і заклікалі грамадзян сабрацца на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», што дазволена ўладамі, і ўжо на месцы вызначыцца з маршрутам шэсця. У той жа час адзін з лідараў апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, заявіў пра намер ускласці кветкі да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы, каб выказаць падзяку заснавальнікам БНР і дзеячам нацыянальнага адраджэння, а затым далучыцца да ўдзельнікаў асноўнай акцыі. Севярынец і Лябедзька бралі ўдзел ва ўскладанні кветак да помніка Янку Купалу, выступіўшы каля яго перад іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?