Сейм Польшчы прыняў змены закона аб Карце паляка (дакумент, які выдаецца грамадзянам СНД і краін Балтыі і пацвярджае прыналежнасьць да польскага народу), якія прадугледжваюць спрашчэнне працэдуры атрымання польскага грамадзянства для ўладальнікаў гэтага дакумента. Польскія дэпутаты прынялі папраўкі да закона, падрыхтаваныя сеймавай камісіяй па сувязях з палякамі за мяжой, аднагалосна.

PAP

PAP

Па словах кіраўніка камісіі, дэпутата кіруючай партыі «Права і Справядлівасць» Міхала Дворчыка, закон закліканы дапамагчы асобам польскага паходжання, якія пражываюць на тэрыторыі краін былога СССР, прыехаць у Польшчу і пасяліцца тут на сталай аснове.

«Мы даём ім такую магчымасць, нават больш — мы даём ім магчымасць вельмі хутка атрымаць польскае грамадзянства. А на працягу першых, самых адаптацыйных месяцаў польская дзяржава акажа ім падтрымку, для таго каб яны адчувалі сябе тут, як дома», — сказаў дэпутат «ПіС».

У студзені гэтага года Сейм Польшчы падтрымаў у першым чытанні папраўкі да закона аб Карце паляка, якія прадугледжваюць прадастаўленне уладальнікам гэтага дакумента амаль тых жа правоў, што і грамадзянам Польшчы.

Дзякуючы прапанаваным зменам у законе, уладальнікі Карты паляка змогуць бясплатна атрымліваць дазвол на знаходжанне ў Польшчы, а пасля года пражывання — аўтаматычна атрымліваць польскае грамадзянства. Акрамя таго, прадугледжваецца, што ўрад часткова аплаціць такім асобам курсы польскай мовы і курсы павышэння кваліфікацыі.

Таксама змены закона даюць юрыдычныя падставы для эвакуацыі і прадастаўленне эфектыўнай дапамогі уладальнікам Карты паляка, у выпадку калі іх жыццю і здароўю пагражае небяспека.

Акрамя таго, уладальнікі Карт паляка будуць вызваленыя ад консульскіх аплат за візы і іншыя заявы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?