Газэта «The Washington Post» апублікавала ліст Хадзіджы Ісмаіл — журналісткі, дасьледчыцы Радыё Азадлыг (азэрбайджанскай службы Радыё Свабодная Эўропа- Радыё Свабода) — да прэзыдэнта ЗША Барака Абамы.

Хадзіджу Ісмаіл абвінавацілі ў шэрагу эканамічных злачынстваў, яна асуджаная да 7,5 гадоў зьняволеньня. Сама журналістка і кіраўніцтва Радыё Свабода лічаць, што яе арышт зьвязаны зь яе журналісцкімі расьсьледаваньнямі фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады Азэрбайджану.

Вось галоўныя тэзісы ліста, які зьмяшчае «The Washington Post»:

«Справядлівасьць не перамагла»

Гэты ліст я пішу з турмы ў Баку. Я нясу пакараньне ў 7 з паловай гадоў за злачынства, якое ніколі не зьдзяйсьняла.

Я журналіст, і адзінае «злачынства», якое я зьдзейсьніла, гэта расьсьледаваньне фактаў карупцыі зьвязаных з урадам і членамі сям’і прэзыдэнта Ільхама Аліева. Урад дастаўся яму ў 2003 годзе ў спадчыну ад бацькі. У 2009 годзе ён зьмяніў Канстытуцыю, каб застацца ва ўладзе неабмежаваны час. Міжнародныя арганізацыі назвалі яго «ворагам прэсы». Ён таксама парушыў і іншыя фундамэнтальныя свабоды, і правы людзей ведаць праўду.

На наступным тыдні Аліеў прымае ўдзел у саміце ў справах ядзернай бясьпекі ў Вашынгтоне. Для атрыманьня запрашэньня ад Барака Абамы, ён быў вымушаны адпусьціць на свабоду некалькіх палітычных зьняволеных. Яны выйшлі на свабоду, але ня могуць выехаць з краіны. Такім чынам, справядлівасьць не перамагла.

Гэтае запрашэньне абышлося Аліеву вельмі дорага. Ён гадамі не ўспрымаў міжнародную крытыку і ціск па гэтым пытаньні. Ён заўсёды адказваў, што ў Азэрбайджане няма палітычных зьняволеных. У сьнежні кангрэсмэн Крыстафэр Сміт прадставіў «Акт дэмакратыі ў Азэрбайджане» і заклікаў прызнаць парушэньне правоў і свабодаў людзей у Азэрбайджане, а таксама пакараць асобных афіцыйных асоб. Гэты праект павінен быць прыняты.

«Я ня цацка»

Чаму палітычныя зьняволеныя раптам вызваленыя? Што зьмянілася?

Аліеву неабходна было адпусьціць гэтых зьняволеных для таго, каб паціснуць руку Абаму і атрымаць крэдыт ад Усясьветнага банку пасьля падзеньня коштаў на нафту, абясцэньваньня яго валюты для сваёй эканомікі, якая кульгае.

Аліеў, не саромеючыся, выкарыстоўвае палітычных зьняволеных як прадмет гандлю ў сваёй замежнай палітыцы. А яны радуюцца, што выйшлі на свабоду.

Я шчасьлівая вызваленьнем некаторых палітвязьняў. Аднак, ні іх, ні мая барацьба ня завершана. Я ня цацка для абмену ў дыпляматычных выйгрышах паміж Баку і Вашынгтонам. Мы — застаемся закладнікамі ў турмах. Свабода — маё унівэрсальнае і канстытуцыйнае права. Але Аліеў, як прэзыдэнт, ня змог яго абараніць. Я ніколі не папрашу памілаваньня за злачынства, якое не зьдзяйсьняла. Нават цяпер і тут — у турме — я вольная, і мая свабода не прадаецца.

«Спытай…»

Такім чынам, прэзыдэнт Абама, калі ласка, папрасі ў прэзыдэнта Аліева спыніць ціск на незалежную прэсу і грамадзянскую супольнасьць. Спытай справаздачу пра нафтавыя мільярды, выдаткаваныя на праект «Белы слон» у імя інтарэсаў некалькіх асоб. Спытай, калі ён правядзе свабодныя і справядлівыя выбары. Спытай, калі ён вызваліць усіх палітвязьняў. Спытай, калі фундамэнтальныя свабоды перастануць быць падарункам у яго руках. Я спытала — і трапіла ў турму.

Гэта ўсё важныя пытаньні. Яны не павінны застацца без адказу. Мы будзем змагацца да поўнай перамогі — пакуль справядлівасьць не пераможа«.

Прадстаўнікі кіраўніцтва Азэрбайджану сьцьвярджаюць, што ў краіне цалкам забясьпечаныя фундамэнтальныя правы і свабоды. Таксама яны заяўляюць, што асобы, названыя мясцовымі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі «палітычнымі вязьнямі» (у іх лік уваходзіць і Хадзіджа Ісмаіл), адбываюць пакараньне за канкрэтныя злачынствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?