Судовыя выканаўцы пачалі паляванне на лідараў беларускай апазіцыі і актывістаў.

Так, да прыкладу, 29 сакавіка Мікалая Статкевіча выклікалі ў Ленінскае РУУС Мінска нібыта для прафілактычнай гутаркі, але на месцы яго ўжо чакалі судовыя выканаўцы. Па словах былога палітычнага зняволенага, яму прапанавалі распісацца за тое, што ў яго маюцца тры штрафы агульнай сумай 25,2 мільёна. На наступны дзень быў накладзены арышт на грошы, якія знаходзяцца на балансе мабільнага тэлефона лідара АГП Анатоля Лябедзькі, а таксама на аўтамабілі яго і яго жонкі. З такімі ж праблемамі сутыкнуліся актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў.

Судовыя выканаўцы вядуць паляванне і за іншымі актывістамі. Сярод іх ужо шматкроць аштрафаваны толькі за гэты год адзін з лідараў беларускіх прадпрымальнікаў Алесь Макаеў, які пракаментаваў сітуацыю:

«Сёння мяне выклікалі па тэлефоне ў РУУС Ленінскага раёна нібыта для прафілактычнай гутаркі з нагоды мітынгу прадпрымальнікаў 14 сакавіка. На гэтую так званую прафілактычную размову я не пайшоў. Па-першае, выклікаць на такія мерапрыемствы павінны позвай. Па-другое, нешта мне падказвае, што гэта банальная «падстава» — хутчэй за ўсё, замест прафілактычнай гутаркі мяне там чакалі судовыя выканаўцы.

Неаплачаных штрафаў за акцыі і мітынгі ў мяне ўжо назбіралася на суму каля 100 мільёнаў беларускіх рублёў. Каля трох тыдняў мяне ўпарта шукаюць судовыя выканаўцы. Яны пісалі паведамленні ў сацыяльных сетках маім сваякам і сябрам, тэлефанавалі маёй жонцы, прыходзілі на працу да маёй цешчы і па месцы прапіскі…

Судовы выканаўца Маскоўскага раёна паведаміла мне па тэлефоне, што на мяне ўжо накладзеная забарона на выезд за мяжу. Я не разумею, навошта яны граюць увесь гэты спектакль — я ж не хаваюся! Праўда, узяць з мяне няма чаго — з пачатку года я застаўся без працы, сваёй маёмасці ў мяне няма. Ды і жадання спансіраваць рэжым няма. Тым больш, што нічога супрацьзаконнага я не рабіў. Усе гэтыя прысуды — фікцыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?