Шанцаў на тое, што глабальныя мэты па барацьбе з атлусценнем будуць дасягнутыя да 2025 года, практычна няма, гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у медыцынскім часопісе Lancet.

За апошнія 40 гадоў (з 1975 па 2014 гады) колькасць дарослых людзей, якія пакутуюць ад залішняй вагі, вырасла з 105 да 641 мільёна чалавек, гаворыцца ў публікацыі. Доля тоўстых мужчын за гэты час патроілася, а жанчын — падвоілася.

Паводле высноў даследчыкаў, колькасць людзей у свеце, якія пакутуюць на атлусценне, перавысіла колькасць жыхароў планеты, якія маюць недахоп вагі.

Калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, то да 2025 года на атлусценне будуць пакутаваць 18% мужчын і 21% жанчын.

Лекары характарызуюць атлусценне як стан, пры якім індэкс масы цела чалавека (ІМТ, стаўленне масы цела да квадрата росту) перавышае 30.

Самая вялікая колькасць тоўстых людзей — у Кітаі: у гэтай краіне на атлусценне пакутуюць 43,2 млн мужчын і 46,4 млн жанчын. Гэта азначае, што 16,3% мужчын з залішняй масай цела — жыхары Кітая, кітаянкі складаюць 12,4% жаночага насельніцтва планеты, якое пакутуе на атлусценне. На другім месцы па колькасці людзей з залішняй масай цела — ЗША.

Навукоўцы мяркуюць, што аднымі медыцынскімі сродкамі і веласіпеднымі дарожкамі на вуліцах з праблемай не справіцца. У прыватнасці, аўтары даследавання прапануюць уладам энергічней узяцца за рэгуляванне цэн на прадукты, якія правакуюць атлусценне, а наўзамен зрабіць больш даступнымі здаровыя прадукты.

Планы ўрада Вялікабрытаніі ўвесці падатак на цукар, каб зрабіць больш цяжкадаступнымі газаваныя безалкагольныя напоі, — гэта крок у правільным кірунку, сцвярджаюць складальнікі дакладу. Кожнае пятае дзіця ў Брытаніі пакутуе на атлусценне. Пры гэтым дзеці з'яўляюцца асноўнымі спажыўцамі напояў з высокім утрыманнем цукру.

Праціўнікі падобных мер сцвярджаюць, што дзяржаве не варта дыктаваць людзям, што ім есці, і што ўвядзеннем новых падаткаў падобныя праблемы не вырашаюцца.

Летась СААЗ прадставіла даклад, у якім гаварылася, што да 2030 года ў Вялікабрытаніі каля 75% мужчын і больш за 60% жанчын будуць пакутаваць на атлусценне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?