fcbate.by
Позна ўвечары 2 красавіка заходжу ў плацкартны вагон цягніка «Брэст — Масква». Бяру бялізну ў правадніка, цягнік пакрысе ад'язджае ад станцыі «Брэст-Цэнтральны», я рыхтуюся спаць, але раптам з-за спіны чую характэрнае «здравствуйте». Там два міліцыянты:
«Што вы рабілі ў Брэсце? Былі на футболе? Вы адзін ездзілі альбо з кімсьці? Адзін? А вы балельшчык альбо фанат? Буйны балельшчык альбо нармальны? Дакументы давайце», — прыкладна такі словы чую ад праваахоўнікаў.
Дакументы даю, што яшчэ застаецца. Міліцыянеры дастаюць сшытак і старанна перапісваюць у яго нумар майго пашпарта, адрас рэгістрацыі, пытаюцца пра адрас фактычнага пражывання. Маё імя-прозвішча ў спісе далёка не першае, відаць, у цягніку шмат такіх жа аматараў футбола агулам і барысаўскага БАТЭ ў прыватнасці. На пытанні, навошта ўсё гэта ім трэба, не адказваюць. Супакойваюць правадніка, які ўжо пачаў бачыць ўва мне злачынцу, і сыходзяць. Праз некалькі секунд з-за перагародкі плацкарта ізноў чую знаёмае «добры дзень, што вы рабілі ў Брэсце».
«А што ты хацеў, трэба было машынай ехаць, а не цягніком. Мы заўсёды шыфруемся. І шалік клубны хавай, каб міліцыя не бачыла», — прыкладна такія парады даюць мне бывалыя балельшчыкі, калі я расказваю пра свае брэсцкія прыгоды ў фэйсбуку. Іншыя каментатары жартуюць. Маўляў, вітаем у секце, цяпер ты афіцыйна зарэгістраваны фанат.
Але я яшчэ і журналіст. Таму спрабую высветліць, навошта брэсцкай міліцыі мае асабістыя дадзеныя і што яна збіраецца з імі рабіць. Званю наўпрост кіраўніку Аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргею Дучэнку. Ён пераконвае, што ўсё нармальна:
«У нас ёсць унутрыведамасны нарматыўны дакумент МУС, які абавязвае супрацоўнікаў міліцыі праводзіць суправаджэнне балельшчыкаў на разнастайных відах транспарту. На чыгуначным і аўтамабільным.
Гэта робіцца для таго, каб супрацьстаяць магчымым канфліктам, для бяспекі саміх балельшчыкаў», — расказваюць мне ў міліцыі Брэста.
Сяргей Дучэнка таксама супакойвае. Гаворыць, што перапісаныя міліцыянтамі мае асабістыя дадзеныя не трапяць у трэція рукі. Гэта трэба выключна для таго, каб зверыць са спісамі фанатаў, якія ў міліцыю перадаюць самі клубы, а таксама прасачыць, каб я дабраўся дадому цэлым і ў поўнай бяспецы.
Ці верыць у выключна добрыя намеры міліцыянтаў — вырашайце самі. Але калі раптам надумаеце паехаць на футбол у іншы горад, абавязкова вазьміце з сабой пашпарт. Мала што можа здарыцца.
