Ролі выконвалі Вера Бурлак (Піянэр), Віктар Жыбуль (Паэта) і Ягор Баўбій (Чорт і іншыя). Пастаноўку ажыцьцявіў Мюр Фарыдовіч ‑‑ навучэнец 5‑га курсу Беларускай акадэміі мастацтваў.
Спэктакль ішоў па‑беларуску, а аўдыторыю склалі пераважна навучэнцы малодшых клясаў. Аднак прысутнічалі і старэйшыя школьнікі, выкладчыкі, бацькі.
Казка «Падарожжа ў пекла» напісаная ў 1928 г. і расказвае пра тое, як з дапамогай грэшнікаў‑бацюшак і чарцей Піянэр зьдзяйсьняе рэвалюцыю ў пекле.
Уласна, да твора Маўра, 125-годзьдзе якога будзе адзначацца 10 траўня, спэктакль мае ўмоўнае дачыненьне. Гэта, хутчэй, вольная інтэрпрэтацыя казкі. Напрыклад, у арыгінальным творы няма такога пэрсанажу, як Паэта — у новай пастаноўцы гэта адна з ключавых роляў. Менавіта Паэта падказвае Піянэру шлях у пекла й апявае ягоную перамогу ў рэвалюцыі напрыканцы дзеі.
Фота Алёны Варанавец |
«Падарожжа ў пекла» — даволі аб’ёмны твор. Аднак адаптацыя была зробленая ў кароткі тэрмін, а пастаноўка й рэпэтыцыі занялі ўсяго тыдзень. Тым ня менш, акторы, зь якіх спадар Баўбі — адзіны прафэсійны артыст — гралі вельмі жыва й арганічна. Публіка ўважліва сачыла за прыгодамі Піянэра, сьмеючыся з кожнага жарту ў пастаноўцы.
На першы позірк магло здацца, што мы патрапілі ў мінулае стагодьдзе, на пралеткультаўскую пастаноўку. Узгадаліся чамусьці й пэрфомансы Артура Клінава «Сьмерць піянэра»… Аднак гэта зьнешняе ўражаньне.
Натхненьнем для рэжысэра зьяўляюцца Пітэр Брук і Ян Шванкмаер. Уплыў апошняга асабліва праяўляецца ў вялікай колькасьці лялек і ўласна сюррэалістычнай скіраванасьці спэктакля.
Апроч таго, «Падарожжа ў пекла» — перш за ўсё, казка, драматургія багатая на даволі празрысты падтэкст. Напрыклад, у адзін з даволі сьмешных для дзетак момантаў дзеі, які суправаджаўся рэплікай «горш, чым у пекле, быць ня можа», мала хто з дарослых гледачоў усьміхнуўся.
Па заканчэньні спэктакля Вера Бурлак, усё яшчэ ў вобразе Піянэра, зьвярнулася да дзетак: «Ну што, пабудуем камунізм?» «Тааак!» — уголас адказалі маленькія гледачы.
Па словах спадарыні Місевіч, загадчыцы бібліятэкі, падобныя мерапрыемствы адбываюцца тут ня часта, але рэгулярна. На пытаньне: «Ці часта наведвальнікі чытаюць Маўра» спадарыня Місевіч адказала: «Літаратура на беларускай мове ўвогуле карыстаецца малой папулярнасьцю».
«Мы ня ведаем, з чым гэта зьвязана», — дадала загадчыца, — «але робім усё, што ад нас залежыць, каб прыцягнуць да яе ўвагу».
Існуе такі афарызм: «пісаць для дзяцей трэба, як для дарослых, толькі лепей». Па заканчэньні спэктакля мы запыталі маленькую глядачку Еву, ці спадабалася ёй. «Так, спадабалася», адказала дзяўчынка, — «Вельмі сьмешна».
На пытаньне, ці будзе яна чытаць Янку Маўра, калі вырасьце, за дачку адказала маці: «Так, канешне будзе».
Наступным разам удзельнікі тэатра «…і іншыя» плянуюць правесьці спэктакаль у менскім Музэі Ваньковіча 18 траўня. Тады яго зможа пабачыць больш шырокая публіка.