Пра гісторыю Вольгі Пашковіч стала вядома ў канцы сакавіка. У адзін з вечароў яна нібыта прадала піва падлетку. 17-гадовую дзяўчыну са спіртным у руках міліцыя затрымала на выхадзе з гандлёвага аб'екта. Адміністрацыйная камісія, якая разбірала гэтую справу, прызнала прадаўца вінаватай і аштрафавала на 4 мільёны рублёў.
Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by
Вольгу рашэнне не задаволіла, і яна звярнулася ў пракуратуру. Там ўзважылі ўсе за і супраць і падалі пратэст на пастанову камісіі ў суд.
На днях адтуль прадаўцу прыйшоў ліст: «Пастанову адміністрацыйнай камісіі Глыбоцкага райвыканкама адмяніць,… справу накіраваць на разгляд у той жа орган».
— Суд збянтэжыла, што ў час, які назвала непаўнагадовая, па касе набыты ёй тавар не праходзіў, — кажа Вольга Пашковіч. - І чыпсы, і піва каштуюць у нас не столькі, колькі дзяўчына, кажа, патраціла.
Сярод невыразных момантаў і тлумачэнні самой непаўналетняй, што толкам так і не змагла сказаць, дзе і як яе затрымалі. Няма ў справе і паказанняў міліцыянтаў.
— Калі будзе прызначаная новая камісія, не ведаю, але проста так я гэтую справу не пакіну. Я 17 гадоў у гандлі і ніводнага такога выпадку, — не стрымлівае эмоцый суразмоўца. — Прадстаўнікі камісіі ўжо прынялі ў мяне копіі касавай стужкі і даведку аб цане тавару, якія раней браць не хацелі. Спадзяюся, гэта праясніць сітуацыю. Горад у нас невялікі, пра гэтую гісторыю ужо шмат хто ведае, і людзі мяне падтрымліваюць. Асабліва прадаўцы, якія калісьці аказваліся ў аналагічнай сітуацыі.