Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб`яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка аштрафаваны на 15 базавых велічынь (3 млн. 150 тыс. рублёў) за акцыю прадпрымальнікаў, якая адбылася 14 сакавіка каля будынка Міністэрства па падатках і зборах у Мінску. Такое рашэнне на пасяджэнні 6 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска прыняла суддзя Таццяна Мотыль.

Двое супрацоўнікаў міліцыі, якія выступілі сведкамі, заявілі, што бачылі, як Шумчанка крычаў на акцыі «Свабоду!» і «Працу!». Сам жа кіраўнік «Перспектывы» якія-небудзь паказанні ў судзе даваць адмовіўся.

«Тут Кабякоў (прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў) распінаецца, што ўрад хоча стварыць 50 тысяч новых працоўных месцаў, а я, маўляў, выйшаў і пакрычаў «Свабоду!» і «Працу!», і мне тры мільёны штрафу даюць. Неяк гэта не зусім правільна», — сказаў Шумчанка.

Лідар «Перспектывы» не мае намеру дамагацца перагляду рашэння, прынятага суддзёй Мотыль. Да самога суда ён не ставіцца сур`ёзна: «Гэта канвеер: прынятае рашэнне наверсе штрафаваць — штрафуюць, будзе прынятае рашэнне саджаць — будуць саджаць».

«Я да гэтага стаўлюся як да часткі сваёй працы па абароне інтарэсаў прадпрымальнікаў. Такія ўмовы працы ў нашай краіне. Раней я за гэта сядзеў, цяпер атрымліваю штрафы. «Развіваецца» краіна», — падсумаваў ён.

Раней у каментары БелаПАН Шумчанка паведаміў, што пасля акцыі 14 сакавіка ён сам падышоў да міліцэйскага начальства, якое назірала за мерапрыемствам, і прапанаваў скласці на яго адміністрацыйны пратакол, калі праваахоўнікі лічаць, што ён нешта парушыў. «Яны мне сказалі, што ў іх да мяне ніякіх пытанняў няма», — сказаў лідар «Перспектывы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?