Фільм: Кловерфілд, 10
Рэжысёр: Дэн Трактэнберг
У ролях: Джон Гудман, Мэры Элізабет Уінстэд, Джон Галахер мл., Дуглас М. Грыфін, Сюзан Краер
ЗША, 103 хв
Адзнака: 6

Пасля аўтакатастрофы Мішэль прыходзіць у прытомнасць ў падземным бункеры разам з двума мужчынамі. Яны сцвярджаюць, што на свет абрынулася хімічная або ядзерная атака і жыць на паверхні больш немагчыма. Адзін з іх, Говард, даўно рыхтаваўся да гэтага і пабудаваў бункер з усім неабходным унутры. Дзяўчына сумняваецца ў праўдзівасці гэтых слоў і знаходзіць некалькі абставінаў, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць яе сумненняў. Яна дзеліцца сваімі думкамі з Эметам, і яны сумесна прадумваюць план уцёкаў.

Фільм быў спрадзюсаваны Дж. Дж. Абрамсам і яго кампаніяй Bad Robot Productions. Абрамс назваў новы фільм «кроўным сваяком» «Монстра» (у арыгінале «Кловерфілд»), які ён прадзюсіраваў у 2008-м. У ім невядомая пачвара нападае на Нью-Ёрк, а расповяд вядзецца ад асобы хлопца, які нібыта здымае падзеі на сваю камеру. З часам фільм стаў культавым ў жанры псеўдадакументальнага хорара.

У ролі рэжысёра выступіў дэбютант Дэн Трактэнберг, вядомы па кароткаметражным фільме «Партал: Выйсця няма» паводле аднайменнай камп'ютарнай гульні.

Галоўную ролю выканала Мэры Элізабет Уінстэд («Грайндхаўс» (2007), «Захапляльны час» (2013)), ролю былога вайскоўца і самага загадкавага персанажа — Джон Гудман, уладальнік «Залатога глобуса», найбольш вядомы па фільму «Вялікі Лебоўскі» (1998).

Фільм пакідае неадназначнае ўражанне. Глядач атрымлівае мала інфармацыі пра тое, хто такія галоўныя героі і што наогул адбываецца. Няма ні выразнага пачатку, ні канцоўкі, якая б усё растлумачыла. Магчыма, варта спадзявацца на працяг альбо на фільм таго ж «сусвету».

Аднак дзякуючы ўнутранаму напружанню сюжэта фільм трымае ўвагу да канца, хоць развязка і расчароўвае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?