Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў публікацыі аб афшорных кампаніях, зарэгістраваных у тым ліку і на яго атачэнне, спробай разгайдаць сітуацыю знутры.

Па словах Пуціна, аўтары публікацый ставілі перад сабой задачу зрабіць Расію больш падатлівай.

На яго думку, «адзінства і згуртаванасць расійскай нацыі, шматнацыянальнага расійскага народа» турбуюць апанентаў Расіі, у сувязі з чым яны і робяць спробы дэстабілізаваць сітуацыю.

Ён таксама ў чарговы раз адзначыў, што ў саміх дакументах панамскай юрыдычнай кампаніі Mossack Fonseca, на якіх заснаваныя публікацыі, яго імя наўпрост не згадваецца.

Пры гэтым Пуцін дадаў, што ганарыцца такімі людзьмі, як яго сябар, віяланчэліст Сяргей Ралдугін. Імя Ралдугіна ў апублікаваных дакументах звязваецца з афшорнымі структурамі, праз якія меркавана прайшлі каля 2 млрд даляраў.

«Амаль усе грошы, якія ён зарабіў, ён патраціў на набыццё музычных інструментаў за мяжой і прывёз іх у Расію», — цытуе словы Пуціна агенцтва ТАСС.

Прэзідэнт дадаў, што Ралдугін спрабуе займацца бізнэсам, але мільярдаў даляраў у яго няма. Сам Ралдугін раней казаў, што не лічыць сябе прадпрымальнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0