Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей дае прэс-канферэнцыю ў офісе выдання «Россія сегодня» ў Маскве. З Мінскам быў наладжаны тэлемост.

«Гэта абсалютна натуральна для братэрскіх краін. У мяне напярэдадні адбылася цікавая размова з Кісялёвым, у нас мноства планаў, якія будуць выгадныя абедзвюм краінам.

Паміж Беларуссю і Расіяй супярэчнасцяў ў замежнапалітычным накірунку няма. Хаця асобныя крокі і рашэнні сталі абрастаць міфамі і трактоўкамі. Сустрэча важная, каб расставіць кропкі над «і», — сказаў Уладзімір Макей.

Мы зыходзім з таго, чый Крым дэ-факта

«У палітыцы трэба зыходзіць з рэалій. Наш прэзідэнт ужо некалькі разоў выказваўся на гэтую тэму, што мы павінны зыходзіць з таго, чый на сёння дэ-факта Крым. І выбудоўваць палітыку, і ўзаемадзеянне з імі.

У нас з Крымам, дарэчы, і ў мінулыя часы, і цяпер гандлёва-эканамічныя адносіны развіваліся не вельмі. Можа быць, праз лагістыку ці нейкія іншыя аспекты. Турысты з задавальненнем наведвалі і, напэўна, будуць наведваць гэты куток. Бо там сапраўды прырода цудоўная і ўмовы для адпачынку.

Іншы момант, што лагістыка крыху ўскладнілася. Каб трапіць у Крым, трэба выбіраць больш цяжкія шляхі. Праз Украіну — немагчыма. Калі ехаць праз Расію, то нельга вяртацца праз Украіну. Мы папярэджваем пра гэта нашых грамадзян.

Што датычыць прызнання-непрызнання, то Крым — гэта не дзяржава, якую трэба прызнаваць. Ад нас ніхто і не патрабуе прызнання.

Мы зыходзім з таго, чый Крым сёння дэ-факта. Гэта не значыць, што мы з чымсьці згодныя ці з чымсьці нязгодныя. Мы лічым, што цяпер галоўная задача — гэта захаваць тэрытарыяльную цэласнасць і непарушнасць астатняй часткі Украіны. І для гэтага мы прадставілі перамоўную пляцоўку».

Саюзная дзяржава сябе апраўдала

«Працэс станаўлення саюзнай дзяржавы ідзе 20 гадоў. Ці апраўдаліся чаканні? Так. Бо мы стварылі роўныя правы для нашых грамадзян. Расіянін можа прыехаць у Беларусь, уладкавацца на працу, купіць кватэру, атрымаць медыцынскую дапамогу. Бываюць спрэчкі, але хто каго чубіць, той таго і любіць. Важна захаваць усе станоўчыя моманты саюзнай дзяржавы. Хочацца бачыць нейкі вянец саюзнай дзяржавы, я вас разумею, магчыма, некалі ён з’явіцца».

Асаблівай пазіцыі па Нагорным Карабаху ў Беларусі няма

«Ніякай асаблівай пазіцыі Беларусі па Нагорным Карабаху няма і не было. Мы лічым, што спрэчныя моманты трэба вырашаць за сталом перамоваў, а не стрэламі. Для нас азербайджанскі і армянскі народы — браты. Мы хацелі, каб яны знайшлі шляхі рашэння за сталом перамоваў. Тыя ці іншыя дзяржавы спрабуюць трактаваць міжнародныя дамовы як хочуць. Нехта кажа, што нам важная тэрытарыяльная цэласнасць. Нехта — права нацыі на самавызначэнне. Самае важнае забяспечыць мірнае жыццё жыхароў».

Беларуская мова — мова нашай нацыі

«Калі нас папракаюць, што мы займаемся антырусіфікацыяй, то гэта абсалютна не мае глебы пад сабой. У нас дзве дзяржаўныя мовы. Аднак так склалася гістарычна, што мы больш гаворым па-руску. Беларуская — гэта мова нашай нацыі. Мы не тое, што павінны забываць яе, але і развіваць».

У нас ёсць помнікі і Сувораву, і Каліноўскаму

«У Беларусі няма развіцця нацыяналізму ці нейкай антырусіфікацыі, і быць не можа. Хтосьці называе Суворава вешальнікам, хтосьці Каліноўскага — нацыяналістам. Ідзе нармальная дыскусія. У нас ёсць помнікі і Сувораву, і Каліноўскаму. Не помнікі вінаватыя ў нашых бедах, а людзі. Калі нехта спрабуе абвінаваціць Беларусь у распальванні нацыяналізму, то гэта подла».

Пра беларускія ківі і крэветкі

«Таваразварот з Расіяй упаў на 30%, няглядзячы на санкцыі на еўрапейскія тавары. Але мы дамаўляліся, што падставім плячо Расіі і нарасцім пастаўкі ў Расію малака, мяса. Мы не завалілі Расію беларускімі таварамі. Беларускія ківі, крэветкі? Мы дамовіліся, калі тавар перапрацоўваецца ў Беларусі, то ён лічыцца беларускім. Гэта дамоўленасць паміж двума бакамі».

Пра развіццё беларуска-еўрапейскіх адносін

«Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, мы тут і застанемся. З Расіяй нас звязвае вельмі-вельмі шмат супольнага. І гісторыя, і эканоміка, і палітыка. Расія — для нас галоўны саюзнік. Але гэта не значыць, што не павінны развіваць адносіны з іншымі бакамі. Для нас Еўрасаюз — важны эканамічны партнёр. Мы маем намер развіваць адносіны з еўрапейскімі краінамі не за кошт Расіі. Мы ведаем, што Расія ў цяжкія моманты прыйдзе нам на дапамогу».

Не трэба ўспрымаць візіт Карпентэра як выпад супраць Расіі

Пра нядаўні візіт у Мінск прадстаўніка Міністэрства абароны ЗША спадара Карпентэра, а таксама аб рэакцыі на яго расійскіх СМІ.

«Мы ж не выказваем прэтэнзіі, калі прадстаўнікі Расіі маюць сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрасаюза, НАТА.

Не трэба ўспрымаць гэта як выпад супраць Расіі. У нас доўга не было зусім ніякага вайсковага супрацоўніцтва з ЗША. Мы хацелі атрымаць адказы ад прадстаўніка ЗША, НАТА на важныя бягучыя пытанні. Гэта спроба аднавіць нармальныя вайсковыя стасункі з краінамі НАТА і ЗША».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?