Сёння прайшла чарговая акцыя ў падтрымку арыштаваных антыфашыстаў ля будынка Упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску, што на вуліцы Сапёраў. Хлопец павесіў пад вокнамі расцяжку з надпісам «Лапы прэч ад антыфашыстаў» і запаліў каляровы фаер для прыцягнення ўвагі.

Акцыя праходзіла пры канцы працоўнага дня, побач праходзілі два супрацоўнікі Следчага камітэта ў штацкім, яны заўважылі перформанс і затрымалі хлопца. На яго склалі пратакол у машыне ды адпусцілі.

Будынак Следчага камітэта.

За кратамі следчага ізалятара па вуліцы Валадарскага цяпер знаходзяцца трое раней арыштаваных антыфашыстаў: Вадзім Бойка, Ілля Валовік і Зміцер Ціхановіч. 

Нагадаем, 23 сакавіка прайшло больш за 20 вобшукаў у кватэрах мінскіх антыфашыстаў. Ператрусы былі звязаныя з крымінальнай справай, заведзенай амаль 2 гады таму.

Акцыі пратэсту сталі рэгулярныя, апошняя прайшла на пачатку тыдня ля СІЗА па вуліцы Валадарскага.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?