«У Беларусі большасць ужо зразумела, што на нашых выбарах не лічаць галасы. Тым не меней, амаль усе апазіцыйныя партыі вырашылі браць удзел у вераснёўскай парламентскай кампаніі. Аргументаў на карысць такога падыходу шмат. Але я пра іншае», — піша ў сваім фэйсбуку Мікалай Статкевіч.

«Вынікі «выбараў» вядомыя ўладзе да іх пачатку. Але адна справа, калі ў дэмакратычных кандыдатаў украдуць іхнюю перамогу. І зусім іншая, калі дэмакраты ўкрадуць яе самі ў сябе.

Ад улады ў кожнай са 110 выбарчых акругаў будзе толькі па аднаму кандыдату. Калі б апазіцыя здолела дамовіцца і выставіць у кожнай з акругаў таксама па аднаму свайму кандыдату, то гэтыя дэмакратычныя кандыдаты, з улікам сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, мелі б добрыя шанцы атрымаць перамогу пры сумленным падліку галасоў. Таму аб'яднанне апазіцыі прымусіла б рэжым пайсці на брутальныя фальсіфікацыі, відавочныя для выбаршчыкаў і міжнароднай супольнасці. 

Але на сёння аб'яўлена ўжо пра 6 апазіцыйных спісаў кандыдатаў. І гэта яшчэ не канчатковая лічба. Калі у кожнай акрузе адзінаму кандыдату ад улады будзе супрацьстаяць да 6-7 апазіцыйных кандыдатаў, якія расцягнуць паміж сабой пратэстны электарат, то ўлада будзе здольна выйграць такія выбары нават пры рэальным падліку галасоў.

Адмовай ад вылучэння адзінага спіса кандыдатаў апазіцыя крадзе перамогу ў самой сябе. Дзеля гарантыі рэжым скарыстаецца і фальсіфікацыямі, але ў наступнага «парламента» будуць вялікія шанцы на міжнароднае прызнанне.

Відавочна, што рашэнне правацэнтрыстскай кааліцыі ў аднабаковым парадку вылучыць сваіх кандыдатаў у 90% акругаў - канчатковае. У такой сітуацыі адзінае, што можна яшчэ зрабіць, гэта паменьшыць шкоду для дэмакратыі ад шматлікіх апазіцыйных спісаў. 

Я лічу, што Кангрэс дэмакратычных сілаў павінен прыняць механізм вызначэння па аднаму найбольш аўтарытэтнаму кандыдату ў кожнай з акругаў. Напрыклад, гэта могуць быць рэкамендацыі рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сілаў. З гэтых кандыдатаў павінен быць сфармаваны аб'яднаны еўрапейскі спіс. Аўтарытэтныя ў беларускім грамадстве асобы павінны заклікаць выбаршчыкаў да галасавання толькі за кандыдатаў з аб'яднанага спіса і аказаць ім палітычную і інфармацыйную падтрымку. Рэалізацыя такога механізму павінна быць адной з бліжэйшых задачаў пастаяннага каардынуючага органа, створанага кангрэсам дэмакратычных сілаў.

Калі ў часткі апазіцыйных партый не хапае пачуцця адказнасці для аб'яднання, то грамадства павінна дапамагчы ім».