Першыя асобы Польшчы, у прыватнасці, прэзідэнт Анджэй Дуда, прэм'ер-міністр Беата Шыдла і кіраўнік кіруючай партыі «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качынскі ўшанавалі памяць ахвяр катастрофы прэзідэнцкага самалёта Ту-154М, які пацярпеў крушэнне 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам.

Тут і ніжэй фота: PAP

Тут і ніжэй фота: PAP

З самага ранку ў Польшчы праходзяць памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай трагічнай даце. Так, у 7:30 раніцы па варшаўскім часе Сейм Польшчы ўшанаваў памяць ахвяр авіякатастрофы. Яго прадстаўнікі ўсклалі кветкі перад мемарыяльнай дошкай у памяць аб трагічна загінулых дэпутатах Сейма. У цырымоніі ўскладання кветак таксама ўзялі ўдзел дэпутаты апазіцыйнай фракцыі «Грамадзянская платформа».

Беата Шыдла і родны брат загінулага прэзідэнта Яраслаў Качынскі узялі ўдзел у цырымоніі перад прэзідэнцкім палацам. Перад гэтым палітыкі наведалі імшу ў Касцёле Унебаўзяцця Божай Маці і Святога Язэпа.

Таксама да прэзідэнцкага палаца прыйшлі палякі з дзяржаўнымі сцягамі і партрэтамі ахвяраў катастрофы. Цырымонія ў цэнтры Варшавы адбылася пры садзейнічанні польскага войска. Падчас цырымоніі быў зачытаны спіс імёнаў усіх загінулых у катастрофе. Яраслаў Качынскі ўсклаў вянок у іх гонар.

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўсклаў кветкі на магілу Леха і Марыі Качынскіх ля замка Вавель у Кракаве. У цырымоніі ўдзельнічалі дачка Леха і Марыі Качынскіх, Марта Качынская з дзецьмі, а таксама міністры Канцылярыі прэзідэнта.

Па словах Анджэя Дуды, наведванне магілы прэзідэнцкай пары заўсёды выклікае ў яго вялікае хваляванне. «Успаміны пра прэзідэнта і яго жонку, успаміны пра маіх сябраў і іншых людзей, якіх я ведаў, хто загінуў. Гэта быў шок для ўсіх нас», — сказаў прэзідэнт Польшчы.

Памятныя мерапрыемствы праходзяць па ўсёй Польшчы. У буйных гарадах у 08:41 раніцы — у момант катастрофы — пачулася выццё сірэн.

6 гадоў таму, 10 красавіка 2010 года, у катастрофе польскага прэзідэнцкага самалёта ТУ-154М пад Смаленскам загінулі 96 чалавек. Сярод ахвяр гэтай катастрофы быў прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі і яго жонка, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, прадстаўнікі вышэйшага ваеннага камандавання, палітычных партый, грамадскія і рэлігійныя дзеячы. Эліта польскага грамадства ляцела ў Расію на памятныя мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя Катынскага злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?