У Беларусі ў рамках міжнароднага дзіцячага праекта «Футбол для дружбы» стартаваў конкурс «Юны журналіст». Яго пераможца атрымае магчымасць наведаць фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў у Мілане, паведамілі арганізатары конкурсу.

У Беларусі юнага журналіста выбіраюць ужо ў трэці раз: летась пераможцам стаў Ягор Мароз, школьнік з Барысава, які лепш за ўсіх астатніх справіўся з задачай падрыхтоўкі пасляматчавага рэпартажу на англійскай мове.

На конкурс, які пройдзе ў 2 этапы, ужо адкрыты прыём прац. Удзел могуць прымаць школьнікі ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. На пачатковай стадыі яны павінны напісаць сачыненне на тэму «Чаму я люблю футбол?» на англійскай мове і разам са сваімі кантактнымі дадзенымі выслаць яго да 20 красавіка 2016 года на электронную пошту [email protected]. З атрыманых прац кампетэнтнае журы абярэ 10 фіналістаў конкурсу па такіх крытэрах як пісьменнасць, арыгінальнасць і аўтарская падача. Імёны фіналістаў стануць вядомыя не пазней за 22 красавіка.

Пераможца конкурсу вызначыцца на матчы паміж барысаўскім БАТЭ і мінскім «Дынама» 24 красавіка. Фіналістам неабходна будзе наведаць класіка на «Барысаў-Арэне» і напісаць пасляматчавы рэпартаж на англійскай мове.

Узнагародай у конкурсе стане магчымасць суправаджаць юнацкую каманду БАТЭ ў Мілан для асвятлення міжнароднага форуму дзіцячых футбольных каманд «Футбол для дружбы» 2016 у Мілане (26-29 мая) і наведванне фінальнай гульні Лігі чэмпіёнаў 2015/2016.

Праект «Футбол для дружбы» рэалізуе расійскі «Газпром», які з'яўляецца адным з глабальных спонсараў Лігі чэмпіёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?