Учорашні фэйк расейскай прапаганды пра Аляксея Навальнага — агента ЦРУ і брытанскіх спецслужбаў — падаўся неверагодным нават расійскай інтэрнэт-супольнасці і стаў аб'ектам кпінаў.

У нядзелю Дзмітрый Кісялёў у сваёй праграме «Весці тыдня» анансаваў «сенсацыйнае» расследаванне: нібыта ЦРУ 10 гадоў таму завербавала Аляксея Навальнага праз Біла Браўдэра — заснавальніка фонду Hermitage Capital, каб разваліць канстытуцыйны лад Расіі. Больш за тое, у сюжэце Навальны абвінавачваецца ў забойстве Магніцкага.

Расейскі апазіцыянер быццам бы насіў псеўданім «агент Фрыдам» і камунікаваў са сваім куратарам — «агентам Саламонам» праз скайп.

Пры гэтым у «дакументах спецслужбаў» знайшлі мноства памылак — як граматычных, так і лагічных. У іх пераблытаныя даты, ліст падпісаны ведамствамі, якія былі расфармаваныя за некалькі гадоў да напісання. Акрамя таго, падобна, што аўтары гэтых «дакументаў» аказаліся дрэннымі знаўцамі англійскай, а пераклад рабіўся праз Google Translate.

Таксама, што яшчэ больш дзіўна, у распараджэнні рэдакцыі нейкім чароўным чынам аказаўся запіс размовы нібыта Аляксея Навальнага і Іллі Панамарова ў скайпе. Пры тым, што запіс прайграваўся ў жахлівай «шыпячай» якасці, галасы людзей былі зусім не падобныя на галасы Панамарова і Навальнага. Дарэчы, пра метад атрымання запісу ў кампаніі Skype, якая належыць Microsoft, таксама замоўчваецца.

Рэакцыя на сюжэт аказалася не зусім такой, на якую, відавочна, разлічвалі яго аўтары — банальны і да таго ж «халтурна» зроблены фэйк высмеялі.

Сам Навальны ў сваім блогу назваў сюжэт «шэдэўрам».

«Гэта новыя вяршыні, сябры мае. Гарантую вам агромністае задавальненне ад прагляду свежага шэдэўра Дзмітрыя Кісялёва. (…) Ва ўсёй гэтай сітуацыі я жудасна рады дзвюм рэчам. Першае — крамлёўскай хеўры настолькі няма чаго мне прад'явіць, што ў справу пайшлі «доказныя здымкі тэлеэкрана». Другое — агентурную мянушку мне прыдумалі прыгожую — агент Freedom», — напісаў Навальны ў сваім блогу.

Рэакцыя сацсетак — ніжэй:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?