Інтэрнэт і СМІ1717

Беларускі кавээншчык стаў адным з самых папулярных тэлевядучых Украіны. Дзмітрый Танковіч: «Беларусь застыла, а Украіна стане еўрапейскай краінай»

Заснавальнікі ўкраінскай кампаніі па вытворчасці гумарыстычнага кантэнту «Вавёрка-прадакшн» — тры былыя ўдзельнікі знакамітай беларускай каманды Клуба вясёлых і кемлівых «ЧП». Адзін з іх — Дзмітрый Танковіч — сёння папулярны ўкраінскі тэлевядоўца. Ён пачынаў сваю кар’еру на беларускім тэлебачанні, але не ўбачыў для сябе перспектыў у Беларусі.

Дзмітрый нарадзіўся ў Мінску. Скончыў школу са срэбраным медалём. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДЭУ па спецыяльнасці «улік, аналіз і аўдыт у банку». Цягам дванаццаці год быў удзельнікам каманды КВК «ЧП». З 1999 года пачаў працаваць на беларускім тэлебачанні. Апошнія дзесяць год супрацоўнічае з украінскім тэлеканалам СТБ у якасці вядоўцы праектаў, самыя вядомыя з якіх — «Украіна мае талент», «Танцы з зоркамі», «Танцуюць усе!».

Адзін з папулярных тэлепраектаў на ўкраінскім тэлебачанні — «Танцы з зоркамі». 

Дзмітрый жыве ў Кіеве разам з жонкай і дачкой. У Мінску ж засталіся маці з братам ды трохі ўспамінаў.

«Я не гляджу КВК»

— Вы пачыналі медыйную кар’еру з КВК. Што азначае для вас гэтая гульня?

— КВК — гэта маладосць, прыгоды і велізарны досвед. Але ў пэўны момант мы зразумелі, што выраслі і мусім зрабіць крок наперад. Было вельмі прыкра, што мы скончылі свой шлях за адзін крок да перамогі. Пасля заканчэння сезону мы ехалі на гастролі ў дэпрэсіі, з якой выбіраліся пару месяцаў. Сумныя былі канцэрты… Але ж здужалі. Цяпер, калі прайшло адзінаццаць год, я бачу, што для асабістага росту кожнага з нас гэтая незавершанасць стала магутным штуршком да самаразвіцця. Яна надала нам рашучасці і трохі злосці. Мы зрабілі ўсё, што можна было зрабіць. Час рухацца далей.

Каманда КВК «ЧП». 

— Пэўна, узнікае жаданне вярнуцца ў той час?

— Бывае, калі мы збіраемся з сябрамі выпіць і пагутарыць, з'яўляюцца думкі: а паедзем, зробім канцэрт, успомнім маладосць! Але наступае раніца, усё становіцца на свае месцы.

— Калі глядзіце КВК цяпер, напэўна, думаеце, што гульня ўжо не тая, ужо не такая смешная?

— Я не гляджу КВК. Няма калі, ды, шчыра кажучы, баюся, што захлісне настальгія. І тады прыйдзецца бегчы ў кіёск па піва (смяецца).

Фрагмент выступу каманды КВК «ЧП». Нумар «Пунсовыя ветразі», 2005 год. 

«Беларускія каналы не змагаюцца за гледача»

— Яшчэ вы працавалі на беларускім тэлебачанні і нават у 2009 годзе атрымалі ўзнагароду «Найлепшы вядоўца». Але ж неўзабаве мы бачым вас у Кіеве, зрэшты, як і большасць былых сяброў беларускай каманды КВК. Чаму так?

— Нехта атрымлівае асалоду ад таго, што мае. А мне, каб пачуваць сябе добра, трэба расці. Да таго ж творчае развіццё — любое развіццё асобы — непазбежна павышае ўзровень фінансавага спакою.

— А расці ў Беларусі няможна?

— Мне стала зразумела, што пры тых умовах, што там склаліся, развіццё для тэлебачання і для медыйнай персоны проста не прадугледжанае. Найперш праз тое, што ўсе каналы дзяржаўныя, і канкурэнцыі зусім няма. Яны не змагаюцца за гледача, не зацікаўленыя ў развіцці, у вытворчасці арыгінальнага кантэнту. Не ведаю, як цяпер, а калі я з'язджаў, нават з рэйтынгамі ніхто не працаваў. Не ведалі, што гэта і для чаго.

— Ва Украіне інакш?

— Тут амаль няма дзяржаўных каналаў. Яны развіваюцца вельмі дынамічна — вымушаныя развівацца, бо інакш не выжывуць. Кожны ранак я праглядаю рэйтынгі праграм за мінулы дзень і адразу бачу, падабаецца мая праграма гледачу ці не.

— Пэўны час пасля ад'езду вы працягвалі паралельна працаваць у Мінску. Ці плануюцца зараз нейкія сумесныя з БТ праекты?

— Пачнём з таго, што нашыя топавыя праекты на СТБ, кшталту «Танцуюць усе!», ёсць у інтэрнэце. Так што іх могуць глядзець (і глядзяць) людзі з розных краін, у тым ліку з Беларусі. Я ведаю гэта дакладна таму, што на кастынгі прыязджае вельмі шмат беларусаў.

Дзмітрый з удзельніцай праекта «Танцы з зоркамі» Таццянай Догілевай. 

У межах кампаніі «Вавёрка-прадакшн» мы з задавальненнем супрацоўнічалі б з беларускім тэлебачаннем. Але пакуль не бачым зацікаўленасці. Наш сённяшні досвед, скажам шчыра, нікому ў Мінску не патрэбны.

У мяне склалася ўражанне, што Беларусь у нейкі момант застыла і дагэтуль знаходзіцца ў гэткім стане. Акрамя тэлебачання, тое тычыцца бадай што і ўсяго астатняга. Але мне хочацца верыць, што гэта пытанне часу.

«Я не адхрышчваюся ад Беларусі, але Украіна стала мне роднай»

— У Беларусі такія абставіны праз крызіс?

— Я думаю, любыя фінансавыя складанасці — выдатная матывацыя падняць пятую кропку і пачаць нешта рабіць. Як у любой іншай краіне, ва Украіне таксама хапае людзей, якія кажуць, што ім цяжка. Час крызісу — удалы для самаразвіцця: ён вымушае ўключыць галаву і пачаць рухацца. Але пройдзе яшчэ шмат часу і зменіцца не адно пакаленне, пакуль мы пачнём разумець, што наш дабрабыт залежыць не ад таго, хто і як кіруе краінай. Ён залежыць толькі ад нас.

— Як тады спыніць «уцечку мазгоў» з нашай краіны?

— Для таго, каб людзі не з'язджалі, іх краіна павінна быць краінай магчымасцяў. Роўных для кожнага.

— А ці плануеце самі вярнуцца ў Беларусь?

— Я для сябе не праводжу межаў: тут Беларусь, а тут Украіна. У мяне беларускі пашпарт, у Мінску жывуць мае маці і брат. Ва Украіне ў мяне жонка і дачка. Я ведаю беларускую мову, праўда, размаўляць на ёй тут няма з кім. Вучу ўкраінскую. Ні ў якім разе не адхрышчваюся ад Беларусі, якую люблю. Але сваю будучыню я звязваю з Украінай. Яна таксама стала мне роднай.

З жонкай Вольгай. 

— Нават вайна не паўплывала на планы?

– Па шчырасці, я не разумеў, што мне рабіць. Было вельмі страшна. Дагэтуль мне неспакойна за сваю сям’ю — жонку і дачку. З іншага боку, я ведаю, што для Украіны гэта яшчэ адзін шанец. І дагэтуль маю надзею, што ён будзе выкарыстаны. Украіна перастане быць краінай «саўка» і стане еўрапейскай. Я вельмі веру ў гэта, і нішто не перашкаджае мне адкрыта выказваць сваю пазіцыю.

Каментары17

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну13

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Мінадукацыі рэкамендуе круціць на школьных выпускных песні нявесткі Лукашэнкі6

Эрдаган запусціў праграму па масавай праверцы вагі грамадзян на вуліцах5

Працягваецца збор грошай на вакацыі для дзяцей палітвязняў. Але сабрана толькі палова сумы4

Беларуска стамілася чакаць вяртання грошай за тур і пайшла ў суд. Турфірма: Усё навалілася, як снежны ком

Лукашэнка абавязаў наймальнікаў цалкам кантраляваць жыццё работнікаў-замежнікаў — аж да таго, ці парадак у кватэры7

Беларускія і расійскія ютуб-каналы цэнтралізавана баняць няўгодных каментатараў8

Цяжарную мінчанку асудзілі за працу вэбкам-мадэллю. Яна вінная дзяржаве 378 тысяч даляраў28

У Мадрыдзе расстралялі былога дарадцу Януковіча15

У небе над Мінскам заўважылі дырыжабль4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну13

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць