4 лютага 1846 Адам Міцкевіч у кампаніі свайго земляка Яўстаха Янушкевіча (выдавец, публіцыст і арганізатар паўстання 1830—31) выправіўся санным шляхам з Парыжа ў Швейцарыю. Зімовая дарога праз снягі і балоты так нагадала ліцвінам радзіму, што думкі іх пабеглі «ў мінуўшчыну», да «радзімай старонкі, да Літвы». «Байкі аб Літве, пра ўніверсітэцкія віленскія часы былі заўсёды ўлюбёным прадметам размоваў Адама. Што пачуў ад яго і пра яго, то неўзабаве распавядаю, мяркуючы, што драбніца прыдасца калі-небудзь, для будучага біёграфа нашага вешчуна»,— пісаў Янушкевіч праз некалькі гадоў пасля смерці Міцкевіча, друкуючы свае нататкі ў 1859 у газеце «Czas».

Барбара з Маеўскіх, маці Адама Міцкевіча

Барбара з Маеўскіх, маці Адама Міцкевіча

«Бацькі мае жылі ў Завоссі ў Наваградскім павеце, — расказваў Міцкевіч. — Бацька мой, Мікалай, жанаты быў з Барбарай Маеўскай з дому Арэшкаў, якой найстарэйшая сястра была спачатку за панам Пёра, а ў паўторным шлюбе за Бельскім. Яна мела значны маёнтак, але цалкам яго страціла ў бясконцых працэдурах і перанеслася да нас на пражыванне».

Гэты ўрывак, запісаны Янушкевічам па памяці, шмат каго ўвёў у зман і даў падставу лічыць, што маці Адама Міцкевіча паходзіла з роду Арэшак, а яе першым мужам быў нейкі Маеўскі. Пазней, зразумела, гэтую хібу выправілі. Бо ў метрыках хросту сваіх дзяцей яна выступае як «Барбара з Маеўскіх». Тым не менш гэты ўрывак каштоўны, бо згаданае ў ім прозвішча «Арэшкі» ў нашай гісторыі грае выключна важную ролю.

Маеўскія гербу «Стары конь»

Маеўскія прыдомку Муравіч, гербу «Стары конь» (як вынікае з дакумента 1801), якія з’яўляюцца прамымі продкамі Адама Міцкевіча, у Наваградскім ваяводстве ўпершыню былі зафіксаваны ў 1650-м. Гэта другая згадка Маеўскіх у ВКЛ (першая — 1643). Згодна з гербоўнікам Севярына Урускага (1913), род Маеўскіх гербу «Стары конь» — патрыярх сярод усіх шляхетных Маеўскіх, якіх на той момант Урускі налічыў 14 родаў. «Мікалай па княскім прывілеі набыў 20 валок зямлі ў Паўла Пучка ў вёсцы Май у Цеханавецкай зямлі (Падляшша — Рэд.) і ад той вёскі ўзяў мянушку Май, а яго нашчадкі прынялі прозвішча Маеўскія». Так падае пачаткі гэтага роду аўтар. Адбылося тое ў 1449.

Імаверна, што і нашы, наваградскія, Маеўскія вядуць свой род ад тых, з вёскі Май.

Першыя дакументальныя згадкі пра Маеўскіх у Наваградскім ваяводстве прыпадаюць на час, калі ў ВКЛ была пільная патрэба ў ваярах. Войны на ўсходзе раскатамі грымотаў скаланалі княства. Не выключана, што першы Маеўскі быў наймітам, які за вайсковую службу атрымаў дазвол асесці на нашай зямлі. У вывадовай справе Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу заснавальнікам роду Маеўскіх названы Казімір, бацька Юрыя і Міхала (дзед Барбары, прадзед Адама Міцкевіча). Гісторык С.Рыбчонак у артыкуле «Продкі Адама Міцкевіча па кудзелі» (1999) піша, што Казімір (з жонкай з Корсакаў) у 1650 жыў у ваколіцы Бердаўка, на поўнач ад Уселюба. Так лічыць і польскі гісторык Анджэй Рахуба. Але новыя дакументы, адшуканыя намі ў архіве, прымушаюць крытычна паставіцца да гэтай версіі.

Як аказалася, у Бердаўцы ў 1670—80-я жылі, змяняючыся, наступныя пакаленні. «Пан Ян Маеўскі з Бердаўкі, паўвалокі, па пану Крыштафу Маеўскаму з асобы яго жонкі, ад сябе, жонкі і чэлядзі» (1670). «Пан Юры Маеўскі з Бердаўкі паўвалокі ад сябе, жонкі і сына з жонкай і чэлядзі» (1677). «Пан Станіслаў Маеўскі па пану Юрыю Маеўскаму паўвалокі ад сябе, за бацьку і маці і за чэлядзь» (1685). У іншым дакумен- це 1677 г. згаданы яшчэ і дзве дачкі «пана Юрыя».

Чамброў, маёнтак Вузлоўскіх, у якіх служыў аканом Мацей Маеўскі. Сядзіба спалена партызанамі ў Другую сусветную

Чамброў, маёнтак Вузлоўскіх, у якіх служыў аканом Мацей Маеўскі. Сядзіба спалена партызанамі ў Другую сусветную

Ці быў згаданы Рыбчонкам і Рахубам Казімір сынам Станіслава, ці ён быў тым «Крыштафам»? Пакуль адказу няма. Але вядома, што Міхал Маеўскі ў 1690 г. жыў у той самай Бердаўцы, і больш ніякіх Маеўскіх у ваяводстве ў той год не зафіксавана. Магчыма, Юры быў яшчэ малы.

Умоўны «Казімір» меў сыноў Міхала і Юрыя. Юрый, як піша Рыбчонак, быў жанаты двойчы, валодаў фальваркам Орда. Меў сыноў Францішка і Пятра.

Будучы пісар Стваловіцкай каморы Міхал з 1723 асеў у шляхецкай ваколіцы Равіны-Паўлюкоўшчына, з невядомай прычыны пакінуўшы родавае котлішча. Быў жанаты тройчы (Барбара Тупальская, Шчаркаская і Багуміла Вольская). Вядома, што у 1741 Юрый, які зацята судзіўся з братам, падчас аднаго з набегаў на фальварак вывярнуў з калыскі немаўля Тадэвуша, сына Міхала і Вольскай, а саму яе настрашыў так, што яна некалькі тыдняў была між жыццём і смерцю. Гэта была такая варожасць, што, нават паміраючы, Міхал заклінаў апекуноў сваіх малых дзяцей давесці справу з Юрыем да канца.

Лёс трох сыноў Міхала — Тыбурцыя, Алёйзы і Мацея — больш-менш вядомы. Алёйзага, адміністратара ў адным з радзівілаўскіх маёнткаў, забіў Казімір Язафовіч, а браты вырашалі, як пакараць забойцу ў Галоўным Літоўскім Трыбунале. Тыбурцый памер у 1781 і, згодна з тастаментам, склаў шчодрую ахвяру тром уніяцкім цэрквам— у Райцах, Міратычах і Валковічах. Больш дэталёва разгледзім лёс апошняга сына Міхала — Мацея.

Мацей Маеўскі ў пачатку 1760-х ажаніўся з Ганнай, дачкой вайсковіча мельніцкага Язэпа і Сузаны з Эйдзятовічаў Арэшкаў. Эйдзятовічы — стары тутэйшы ліцвінскі шляхецкі род. Арэшкі ў Наваградскім ваяводстве — прыхадні з Падляшша, дзе яны ўжо ў XVI ст. лічыліся заможнымі і ставілі ў войска ВКЛ нямала ваяроў.

З дакументаў Наваградскага ваяводства стала вядома імя дзеда Ганны, а таксама найбліжэйшых сваякоў. Мельхіёр Арэшка, верагодна, у пачатку XVIII ст. валодаў фальваркам Абрынка. Дзед Ганны меў сыноў Антона і ўжо згаданага Язэпа. Сын Антона, Казімір, наваградскі ротмістр, ажаніўся з Разаліяй Забельскай (першы муж — Рафал Троска) і меў з ёй сына Францішка і дачок Розу і Ганарату. Не выключана, што менавіта яе, Разалію (цётку сваёй маці), меў на ўвазе Адам Міцкевіч у 1846-м.

Язэп Арэшка, дзед Барбары, акрамя Ганны меў дачку Барбару, якая ажанілася з Лявонам Паўловічам, і сына Аляксандра.

Ласкавы хлеб

Мацей з Ганнай уласнага маёнтка не мелі, таму раз на некалькі гадоў бралі ў арэнду які-небудзь фальварак. Жылі яны нейкі час у Абрынцы, Леаноўшчыне і Шчонаве, згадваюцца разам са сваякамі ў Гарадзеі. Судзіліся з Самойлам Корсакам, гусарскім палкоўнікам і паплечнікам Тадэвуша Рэйтана, на сойме 1773 г. Мацей, яго сыны і шматлікія сваякі бралі чынны ўдзел у палітычным жыцці ваяводства, як сведчаць пастановы наваградскіх соймікаў.

Магчыма, з пратэкцыі Арэшак Мацей патрапіў на службу да Вузлоўскіх — Язэпа і Анэлі з Вярэйскіх. Доўгія гады займаючы пасаду аканома ў маёнтку Чамброва (блізу Свіцязі), Мацей заслужыў такую пашану з боку сваіх патронаў, што па «страце сіл» Вузлоўскія прапанавалі яму застацца ў сядзібе на «ласкавым хлебе» (на поўным забеспячэнні). Барбара жыла ў Чамброве як «рэспектовая» Анэлі Вузлоўскай, а яе сястра служыла ў маёнтку Рудковічы ахмістрыняй у Адама Вярэйскага, дзядзькі Анэлі.

У апошнія гады жыцця Мацей Маеўскі пакінуў у гісторыі ваяводства цікавую старонку, якая магла легчы адной з цаглінак у падмурак паэмы «Пан Тадэвуш», твор яго ўнука. У 1794 Язэп Вузлоўскі загадаў Мацею ачоліць наезд на свайго суседа Людвіка Грачыху. Той дапёк Вузлоўскага, аспрэчваючы частку яго земляў. Маеўскі павёў на маёнтак Грачыхі 60 чалавек— службоўцаў Вузлоўскіх (войты, дзясятнікі, фурманы, чэлядзь) і мясцовай шляхты. Судовыя жорны атрымалі працы на некалькі год.

Гервасій — імаверным прататыпам гэтага персанажа «Пана Тадэвуша» мог быць дзед Адама Міцкевіча, Мацей Маеўскі

Гервасій — імаверным прататыпам гэтага персанажа «Пана Тадэвуша» мог быць дзед Адама Міцкевіча, Мацей Маеўскі

Ці не таму ў наступным годзе Маеўскі карыстаецца ў судовых спрэчках са сваякамі ганаровым тытулам «наваградскага ротмістра»? Ніякіх каралеўскіх патэнтаў на гэты чын ён, вядома, не меў.

Дакладна вядома, што Ганна, жонка Мацея, памерла ў Наваградку ў 1798. Там і была пахавана. Калі дакладна пакінуў гэты свет Мацей, невядома, але ў 1803 годзе Язэпа Вузлоўскага і яго выклікалі ў суд. Падобна, гэта апошняя згадка яго «жывога» імя ў дакументах.

Сапліцы

Пры канцы 1795 Мікалай Караль Міцкевіч, якому на той момант было 33 гады, ажаніўся з Барбарай Маеўскай, якой было каля 28 гадоў. Мяркуем, не апошнюю ролю ў гэтай справе адыграў мазырскі земскі суддзя Адам Бярнард Абуховіч, даўні заступнік Міцкевічаў у судовых справах і вялікі сябра чамброўскіх Вузлоўскіх. Менавіта ён і Анэля Вузлоўская стануць 12 лютага 1799 хроснымі бацькамі Адама Бярнарда Міцкевіча.

Арэшкі і Маеўскія не раз згадваюцца ў запісах пра хрышчэнне шматлікіх дзяцей Мікалая Караля і Барбары. Трапілася ў дакументах і згадка пра яшчэ адзін важны для разумення вытокаў «Пана Тадэвуша» род.

У 1805 у Наваградскі земскі суд для разгляду справы быў выкліканы наваградскі ваявода Язэп Несялоўскі і былы дваранін скарбу ВКЛ Язэп Маеўскі (унук Юрыя). Бацькамі яго жонкі Марыяны, былі Станіслаў Сасіновіч і Вікторыя з Пятровічаў, а айчымам стаў Ян Антонавіч Сапліца, вядомы крымінальнымі ўчынкамі на ўсю Наваградчыну. Напрыклад, у 1799 ён смяротна скалечыў Базыля Міцкевіча, стрыечнага дзеда Адама. Сапліца быў вінен Базылю грошы, і калі апошні прыйшоў да яго ў фальварак «паразмаўляць», Ян размаўляць не стаў. Наляцеўшы конна на Міцкевіча, Сапліца праламіў яму галаву кіем, а потым, збітага з ног, стаптаў канём. Ад старашэнных ранаў Базыль Міцкевіч памер на 13-ы дзень. Судовыя справы Сапліцу не застрашылі, бо ужо праз два гады ён пагражаў лютай расправай цяпер ужо сям’і Мікалая Міцкевіча.

Прыгадаем, у канве «Пана Тадэвуша» — «спрадвечны» канфлікт інтарэсаў Гарэшкаў (такога роду сярод наваградскай шляхты няма, ёсць Арэшкі) і Сапліц. Парэшткі родавага фальварка Сапліц захаваліся за два кіламетры ад Варончы. Дарэчы, у мястэчку Новая Мыш да гэтага часу жыве прадстаўніца гэтага вядомага з XVI ст. беларускага роду.

Падсумаванне

На наш погляд, прывядзенных фактаў дастаткова, каб пакласці канец дыскусіям, кім была па паходжанню маці Адама Міцкевіча — з ахрышчаных у Львове у другой палове XVIII ст. яўрэяў, ці з мясцовай ліцьвінскай шляхты, вядомай на Наваградчыне з сярэдзіны XVIІ ст.

***

Зміцер Юркевіч нар. 1975, гісторык-архівіст, старшыня Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і аўтар шматлікіх публікацый, прысвечаных роду Рэйтанаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?