Ігар Корзун — актывіст грамадскай кампаніі «Гарадскі Ляснічы», якая за апошнія 2,5 года дамаглася захавання мноства дрэў у сталіцы і іншых гарадах. Па адукацыі — інжынер лясной прамысловасці.

Ігар Корзун — актывіст грамадскай кампаніі «Гарадскі Ляснічы», якая за апошнія 2,5 года дамаглася захавання мноства дрэў у сталіцы і іншых гарадах. Па адукацыі — інжынер лясной прамысловасці.

Нядаўна сумеснымі намаганнямі нам удалося скасаваць рашэнне аб высечцы амаль 300 дрэў, якія раслі на двух вуліцах у Вілейцы. Гэта быў рэзанансны выпадак, і больш за ўсё людзей, якія змагаліся за захаванне зеляніны ў горадзе, здзівіла тое, што ў пісьмовым звароце ад неабыякавых гараджан я выказаўся не супраць знішчэння дрэваў, а заняў нейтральную пазіцыю. То бок устрымаўся. Мяне спыталі — чаму? Ды таму, што мне было б не па нораве, калі б падчас рашэння лакальных, мінскіх праблем з азеляненнем да нас прыязджалі жыхары Вілейкі і галасавалі «за» ці «супраць», вырашаючы лёс горада за мінчан.

Я кажу пра простую грамадзянскую адказнасць, якая, як я лічу, павінна прысутнічаць у кожнага свядомага жыхара горада.

Пакуль за вас вырашаюць, што будзе адбывацца з Мінскам, пакуль вы, пасіўна назіраючы за тым, што адбываецца, лянуецеся выдаткаваць частку свайго часу для таго, каб захаваць дрэва, якое пасаджана бацькамі, няма чаго наракаць на «дрэнную ўладу».

Думаю, вам, як і мне, падабаецца, калі ў двары дома, на вуліцах і праспектах горада, у яго парках і скверах растуць прыгожыя, зграбныя дрэвы. Упэўнены, што вас, як і мяне, да глыбіні душы абурае, калі іх ператвараюць у абрэзаных з усіх бакоў вырадкаў, а часам і зусім у голыя, без адзінай галінкі, ствалы. Робіцца ўсё гэта «для выгоды гараджан», «у інтарэсах бяспекі» і «у адпаведнасці з даручэннем спецыялістаў, якія ў гэтым разбіраюцца». Лічу, што нярэдка ў гэтых заявах можна ўсумніцца, і вось чаму.

Пачнем з таго, што ніякай выразнай сістэмы, якая рэгламентуе «амалоджвальнае» абразанне дрэў як у сталіцы, так і ў любых іншых гарадах і пасёлках Беларусі, на самай справе не існуе. Ёсць толькі шэраг метадычных брашур, якія былі распрацаваныя для камунальных службаў, у тым ліку з прыцягненнем спецыялістаў Акадэміі навук. Але рэкамендацыі не абавязковыя да прымянення, адсюль — разброд і хістанне.

Плюс да гэтага абрэзка дрэў — неліцэнзаваная дзейнасць, і займацца ёй могуць любы чалавек ці арганізацыя, якія маюць у сваім распараджэнні пад'ёмнік і бензапілу.

А зараз пяройдзем ад лірыкі і тэорыі да сумнай практыкі. Спачатку пагаворым пра бяспеку. Якасць абрэзкі залежыць ад таго, наколькі правільна дадзеная была ацэнка стану дрэва. Калі дрэву абразаюць дастаткова тоўстыя галіны, а часам пакідаюць толькі ствол (так званая абрэзка «на пень»), застаюцца адкрытыя «раны». Як іх ні абараняй, туды ўсё роўна трапляе вільгаць і грыбковыя споры — гніенне ў гэтых месцах будзе развівацца ў 90%. Што адбудзецца далей? Дрэва будзе старацца нарасціць масу, выпускаючы вялікую колькасць хуткарослых парасткаў. Праз 3-5 гадоў некаторыя з іх вырастуць у даўжыню да 5 метраў і таўшчыню да 20 сантыметраў. А паколькі на месцы іх уваходу ў стрыжань ствала нярэдка прысутнічае гнілата, гэтыя цяжкія галіны будуць мацавацца практычна на парахні. Атрымліваецца, што аварыйнасць няправільна абрэзанага дрэва ў разы вышэйгая, чым у дрэва, крона якога сфармаваная натуральным чынам.

Двор на вуліцы Кульман у Мінску. Фота Сяргея Гудзіліна

Двор на вуліцы Кульман у Мінску. Фота Сяргея Гудзіліна

Каб гэтага не адбывалася, за абрэзаным дрэвам трэба рэгулярна, да двух разоў на год, даглядаць. Цяпер лічым: трацім грошы на «амалоджвальную» абрэзку, а пасля, калі падыходзім да сваёй працы з адказнасцю, марнуем яшчэ і на штосезоннае яго «абслугоўванне». А на выхадзе атрымліваем цяжкапрагназавальны вынік.

Правільнае абразанне дрэў прадугледжвае высокакваліфікаваны, можна нават сказаць, творчы падыход. Бо зялёныя насаджэнні — гэта такі ж прадмет гарадскога ландшафту, як будынкі і планіроўка вуліц. У нас жа абрэзка — гэта ў большасці сваёй механічная работа, накіраваная на выкананне плана. І мы бачым вынікі такога падыходу.

Тэхнічны — дрэвы пачынаюць хварэць, гніць і праз нейкі час становяцца яшчэ больш аварыйна-небяспечнымі. Эстэтычны — нікому не трэба тлумачыць, чым адрозніваецца нармальнае дрэва ад дрэва, абрэзанага «на пень». Экалагічны — абрэзаныя дрэвы паглынаюць вуглякіслы газ і шэраг шкодных рэчываў у значна меншым аб'ёме.

Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі ўжо даўно б'юць трывогу і кажуць, што неабходна правесці маніторынг выжывальнасці дрэў пасля «амаладжальнай» абрэзкі, а пакуль не будуць вядомыя вынікі гэтых даследаванняў і выпрацаваны канкрэтныя правілы, усталяваць на яе жорсткі мараторый, пакінуўшы толькі санітарнае абразанне.

Але вось вам мае асабістыя назіранні: на тэрыторыі Сувораўскай вучэльні абрэзалі 50-гадовыя ліпы — праз некалькі гадоў кожная пятая з іх загінула. Побач з Першай гарадской бальніцай абрэзалі таполі — многія з іх загінулі, ствалы стаяць з ужо паападалай карой, толькі некаторыя спрабуюць выпусціць маладыя парасткі, а ніякай абяцанай багатай пухнатай кроны мы не назіраем.

На тэрыторыі музея Якуба Коласа абрэзалі ліпы, якія, магчыма, саджаў сам паэт! Зрабілі гэта таму, што галіны дрэў навісалі над месцам, дзе нельга паркавацца, але ад аўтамабілістаў, якія гэта ўсё ж такі рабілі, паступілі скаргі. Дрэвы гэтыя маюць гістарычную каштоўнасць, што з імі адбудзецца ў далейшым, я не ведаю.

Не буду ўжо казаць пра тое, што паўсюдна робіцца ў дварах жылых дамоў. Праводзяцца такія абрэзкі ў большасці выпадкаў не па просьбе жыхароў, а па ініцыятыве камунальнікаў.

Можна задацца пытаннем, чаму «Зелянбуд» праяўляе такую актыўнасць, займаючыся «амаладжальным» абразаннем. На мой погляд, гэтаму ёсць некалькі тлумачэнняў. Па-першае, лакальныя падраздзяленні «Зелянбуда» падпарадкаваныя у першую чаргу адміністрацыям раёнаў і да гарадскога маюць толькі намінальнае дачыненне. Па-другое, план абрэзкі фармуецца «Зелянбудам» самастойна. У сітуацыі, калі замоўца і выканаўца — фактычна адна асоба, вельмі складана ўтрымацца ад таго, каб не «пашырыць» сабе фронт работ і не атрымаць дадатковае фінансаванне.

Спілаваныя і абрэзаныя дрэвы на бульвары Мулявіна ў Мінску. Фота Сяргея Гудзіліна

Спілаваныя і абрэзаныя дрэвы на бульвары Мулявіна ў Мінску. Фота Сяргея Гудзіліна

Мінск — гэта горад, які планаваўся ў пасляваенны час практычна зноўку. У сталіцы Беларусі мала вузкіх вуліц, на якіх цяжка расці вялікім дрэвам. І гэта на самай справе падстава для гонару. Але ці карыстаемся мы гэтымі шыкоўнымі перавагамі ў поўнай меры? Мне здаецца - не.

Летась я вывучыў стан дрэў на некаторых вуліцах і праспектах горада. Тры чвэрці з іх маюць механічныя пашкоджанні ў ніжняй частцы ствала. Адкуль гэтыя «раны»? Лагічна выказаць здагадку, што ў большасці сваёй яны з'явіліся з-за неахайнай працы снегаўборачнай, дарожнай тэхнікі альбо тэхнікі камунальнікаў, якая выкарыстоўваецца падчас «амаладжальнай» або санітарнай абрэзкі.

Гэта значыць тыя людзі, якія абавязаныя сачыць за дрэвамі, даглядаць іх, самі іх і калечаць.

Гэтай восенню ў парку Горкага было выдалена каля 10 дрэў, яны таксама былі пашкоджаныя ля падножжа і загінулі выключна праз гэта. Усе мы заўважалі, як ліха раз'язджаюць па газонах трактары з прычэпамі для смецця, робіцца гэта для таго, каб працоўныя, якія збіраюць галінкі і лісце, не напружваліся, прайшоўшы лішнія пятнаццаць крокаў.

Я не хацеў бы даваць якасную ацэнку матывацыі і этыцы працы супрацоўнікаў гарадскіх службаў. Магу толькі даць ацэнку грамадству, якое адмаўляецца выконваць свае непасрэдныя абавязкі — сачыць за выкананнем прынятых законаў і правілаў. Як я ўжо казаў, многія абураныя сітуацыяй, але толькі адзінкі гатовыя выдаткаваць свой асабісты час на тое, каб высветліць, наколькі былі законныя дзеянні камунальнікаў.

Калі б кожны раз, калі да вас у двор прыязджаюць таварышы з бензапіламі, вы прасілі давесці абгрунтаванасць іх дзеянняў, вельмі хутка гарадскія ўлады зразумелі б, што з гараджанамі трэба размаўляць у форме дыялогу, а не спушчаных «зверху» ультыматыўных распараджэнняў.

Для гэтага ўсяго толькі досыць спытаць, ці ёсць майстар, які адказвае за працы, праверыць дакументы, якія даюць права на абразанне і выдаленне дрэў, даведацца, ці былі жыхары праінфармаваныя аб правядзенні работ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?