Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў папрасіў прабачэння за памылку ва ўказанні ўласнікаў нямецкай газеты Sueddeutsche Zeitung.

У чацвер падчас «прамой лініі» Уладзімір Пуцін заявіў, што нямецкая газета, якая першай атрымала доступ да «панамскіх дакументаў», уваходзіць у медыяхолдынг, які належыць амерыканскай фінансавай карпарацыі Goldman Sachs.

«Гэта значыць, усюды тырчаць вушы замоўцаў. Яны тырчаць, але нават не чырванеюць», — так пракаментаваў Пуцін публікацыю дакументаў аб афшорах, якімі валодаюць палітыкі і чыноўнікі з розных краін.

Пасля заявы прэзідэнта сама газета абвергла сваю сувязь з Goldman Sachs. Газета з'яўляецца даччынай кампаніяй выдавецтва Sueddeutscher Verlag, якая належыць на 81,25% медыяхолдынгу Suedwestdeutsche Medien Holding і на 18,75% — прыватным асобам.

«Вядома, мы прынеслі свае прабачэнні і прыносім таксама свае прабачэнні выданню», — заявіў Пяскоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?