Нечаканая паездка Аляксандра Лукашэнку ў Стамбул, дзе ён узяў удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, а таксама з кіраўнікамі шэрагу іншых азіяцкіх краін, выклікала бурную рэакцыю ў Расіі.

У час, калі паміж афіцыйнай Анкарой і Масквой застаюцца напружаныя адносіны, візіт галоўнага хаўрусніка Расіі ў Турцыю ўспрымаецца вельмі неадназначна. «Наша Ніва» сабрала рэакцыю расійскіх СМІ на візіт Лукашэнкі да Эрдагана.

РІА Новості

Вялікі аналітычны артыкул з вынікамі візіта кіраўніка Беларусі ў Турцыю зрабіла РІА Новості. У якасці эксперта ў ім выступіў намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МГУ Багдан Бяспалька, вядомы сваімі ранейшымі публікацыямі пра ўзмацненне нацыяналізму ў Беларусі.

«Безумоўна, беларускі лідар імкнецца здабываць выгаду з любых адносін. Пры гэтым ён не азіраецца ні на Расійскую Федэрацыю, ні на саюзную дзяржаву, ні на канкрэтныя пажаданні з боку РФ. Што тычыцца заяваў, зробленых у Турцыі, я думаю, што гэта дэманстрацыя незалежнасці ад Масквы. Такая знарочыстая, яркая, зробленая максімальна эфектна, для таго, каб гэта заўважылі ўсе — і на Захадзе, і ўнутры Беларусі, і ў Маскве», - сказаў Бяспалька для РІА Новості.

«Не сакрэт, што выгада, якую атрымлівае Беларусь з пагаршэння адносін Расеі з суседзямі, мае як палітычны, так і эканамічны характар», — адзначае выданне.

«Політобоз»

Выданне палітолага Андрэя Суздальцава, які доўгі час жыў у Беларусі, але быў дэпартаваны з краіны, таксама прысвяціла гэтай тэме немалы артыкул.

Першая версія візіту Лукашэнкі – эканамічная. Маўляў, ва ўмовах крызісу кіраўнік Беларусі шукае супрацоўніцтва на Усходзе. Другая – знешнепалітычная «дыверсіфікацыя».

«У апошні час Мінск ўсё больш настойліва імкнецца дэманстраваць сваю незалежнасць ад Масквы ў знешняй палітыцы. Гэта тычыцца і адносінаў, напрыклад, да расейска-турэцкай канфлікту. Адразу ж пасля інцыдэнту са збітым у Сірыі расійскім знішчальнікам беларускі бок выступіў з шкадаваннем з нагоды канфлікту паміж «брацкай Расіяй і сяброўскай Турцыяй». Гэтак цёплыя словы гучалі вельмі прыемна для турэцкага прэзідэнта, асабліва з улікам таго, што нават у некаторых краінах НАТО, членам якога Турцыя з'яўляецца, раздалася пэўная крытыка авантурнай палітыкі Эрдагана».

eadaily.com

Сам Андрэй Суздальцаў, дэкан факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі, пракаментаваў гэты візіт у інтэрв’ю адыёзнаму выданню eadaily.com.

«У адносінах нашых краін [Беларусі і Расіі – «НН»] склалася вельмі дрэнная тэндэнцыя за апошнія гады, калі нашы жорсткія праціўнікі імгненна аказваюцца лепшымі сябрамі Аляксандра Лукашэнкі. Мы памятаем не толькі Эрдагана, але яшчэ Саакашвілі і Парашэнка», — сказаў Суздальцаў.

«Лукашэнка паводзіць сябе не як кіраўнік дзяржавы — удзельніка саюзнага праекта, а як нацыянальны лідар, для якога вузканацыянальныя інтарэсы даражэй за ўсё, — кажа іншы каментатар eadaily.com, загадчык аддзела Беларусі Інстытута краін СНД Аляксандр Фадзееў. – Ён хоча атрымліваць дывідэнды, льготы і прэферэнцыі ад Расіі, але за яе спіной спрабуе выкарыстоўваць розныя знешнепалітычныя сітуацыі, цалкам не ўзгадняючы з інтарэсамі расейскага боку».

«Взгляд»

«Чалавек, які ўдарыў, па словах Уладзіміра Пуціна, Расію ў спіну, — жаданы партнёр для бліжэйшага саюзніка Масквы, Аляксандра Лукашэнкі», — пачынаецца артыкул на сайце «Взгляда».

Выданне адкрытым тэкстам піша, што Беларусь паспрабуе нажыцца на канфлікце паміж Расіяй і Турцыяй. «Беларусь можа пастарацца атрымаць дывідэнды ад увядзення забароны і абмежаванняў Расіяй на ўвоз турэцкіх тавараў, на працы турэцкіх будаўнікоў, а таксама на страце Анкарой расійскіх турыстаў. Досвед у Беларусі ў гэтым плане ўжо ёсць. Менавіта Мінск стаў галоўным атрымальнікам выгадаў ад санкцыйнай вайны ЕС і Расіі, ператварыўшыся ў «прадуктовы афшор». Пасля ўвядзення Расеяй эмбарга на прадукты з ЕС экспарт з Беларусі менавіта па гэтых катэгорыях тавараў паказаў рост у дзясяткі разоў, у асноўным з дапамогай кантрабанды. Тую ж схему Мінск можа пракруціць і ў дачыненні да забароненых для ўвозу ў Расію турэцкіх тавараў», — лічыць газета.

Армянская прэса

Цікава, што на гэты раз убаку не засталіся армянскія СМІ, якія актыўна абсмоктвалі факт паездкі Лукашэнкі. Самы рэзкі загаловак дало выданне «Еркрамас».

Вуснамі армянскага эксперта па інфармацыйнай бяспецы Самвэла Мартырасяна яны агучваюць, што «Лукашэнка вырашыў стаць кішэнным прэзідэнтам у Эрдагана».

Расійска-армянскае інфармацыйнае агенцтва піша, што «Масква ўлічыць візіты Лукашэнкі і Назарбаева ў Стамбул».

«Аляксандр Лукашэнка спрабуе атрымаць выгаду з усіх непрыемнасцяў для Расіі. Ён паехаў да турэцкага калегі ў разліку на тое, што за гэтую антырасейскую ноту атрымае прэферэнцыі ад Турцыі. Нажывацца на расійскіх праблемах — у арсенале Лукашэнкі », — адзначыў суразмоўца агенцтва, вядучы эксперт цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў МГІМО Міхаіл Аляксандраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?