Высотка (High-Rise)
Рэжысёр: Бэн Уітні
Жанр: драма, фантастыка
У ролях: Том Хідалстан, Джэрамі Айранс, Сіена Мілер, Люк Эванс, Элізабет Мос, Джэймс П'юрфой, Кілі Хоўз
Вялікабрытанія, 119 хв.
Адзнака: 8

Лондан, 1975 год. Малады доктар Роберт Лэнг засяляецца ў гмах, спраектаваны архітэктарам Энтані Роялам. У ім на верхніх паверхах жыве група людзей, якія вядуць раскошны лад жыцця і ізалююць сябе ад астатняга грамадства. Лэнг знаёміцца з Рычардам Уайлдэрам з сярэдніх паверхаў, які спрабуе зняць дакументальны фільм пра норавы жыхароў розных паверхаў і міжкласавую несправядлівасць, якая перарастае ў адкрытую варожасць.

Сцэнар антыўтапічнай стужкі заснаваны на аднайменным рамане англійскага пісьменніка Джэймса Баларда, які выйшаў у 1975. Балард прызнаецца адным з вядучых моўных стылістаў і празорцаў.

Сам пісьменнік мала з'яўляўся на публіцы і не ўдзельнічаў у грамадскай ці літаратурнай дзейнасці Вялікабрытаніі. Яго раманы не толькі фантастычныя, колькі сюррэалістычныя і даследуюць псіхалогію і псіхапаталогію грамадства.

«Высотка» — заключны раман ідэйнай трылогіі аб скрыўленні свядомасці чалавека, загнанага ў бязвыхадную прастору вялікага горада. Калі трэцяя кніга была экранізаваная толькі праз 40 гадоў пасля выхаду, то першая частка, «Аўтакатастрофа», натхніла канадскага рэжысёра Дэвіда Кроненберга яшчэ ў 1996.

Фільм працяглы час знаходзіўся ў распрацоўцы і нават быў прызнаны «нездымальным». Рэжысёрскі фатэль заняў брытанец Бэн Уітні, рэжысёр поўнаметражнага «Доктара Хто» (2014) і эпізодаў аднайменнага серыяла.

Большасць акцёрскай трупы таксама брытанцы. Галоўную ролю выканаў Том Хідлстан, лаўрэат прэміі MTV за ролю Локі ў фільмах сусвету Marvel. Ён правёў некаторы час у кампаніі судмедэкспертаў, каб падрыхтавацца да здымкаў, бо яго герой — фізіёлаг.

Ролю архітэктара Рояла выканаў уладальнік «Залатога глобуса», 67-гадовы Джэрамі Айранс. Яго герой апантаны ідэяй будаўніцтва пяці гмахаў, якія сімвалізуюць пяць пальцаў рукі. Іх жыхары павінны ўтварыць новую мадэль грамадства.

Вядучыя жаночыя ролі занялі амерыканкі Сіена Мілер і Элізабет Мос. Самым цяжкім, паведаміла апошняя, было пераканаўча прамаўляць з брытанскім акцэнтам.

Фільм пакідае цяжкое ўражанне. Дакладна і з'едліва паказанае грамадства, якое імкліва выраджаецца, як толькі перастае хапаць важных рэсурсаў на ўсіх жыхароў гмаха. Цікавасць выклікае пазіцыя прыстасаванца Лэнга ў гэтым бязладдзі, які імкнецца адмежавацца ад дэградацыі і беспарадкаў, але дзякуючы гэтаму і захоўвае ў сабе прыкметы чалавечнасці.

Стылістыка фільма ўзнаўляе інтэр'еры 70-80-х, але звяртаецца да рэтрафутурызму. Сцэны выглядаюць вычварна, з'яўляючыся адбіткам хворай свядомасці, а не рэчаіснасці.

Стужка мае ўзроставае абмежаванне 18+.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?