«Мая першая Імша была ў маёй роднай парафіі, у Ішкальдзі. Прамову казаў айцец Аляксандр Надсан, натуральна, па-беларуску. Былі на гэтай Імшы таксама Зянон Пазьняк, Данута Бічэль і іншыя асобы…» — «сьвятар-адраджэнец» і «сьвятар-будаўнік» Ігар Лашук распавёў Радыё Свабода, як савецкае КДБ шантажавала маладога католіка і параўнаў руйнаваньне беларускіх цэркваў і палацаў з дзеяньнямі ІДІЛ.

У 2006 годзе беларуская грамадзкасьць ушанавала Ігара Лашука мэдалём Вінцука Гадлеўскага «За беларускасьць у набажэнстве», а залаты юбілей сьвятар адзначыў аднаўленьнем старажытнай капліцы.

КДБ схіляла да супрацоўніцтва і пагражала адправіць на ліквідацыю аварыі ў Чарнобылі

Шлях у сьвятарства Ігар Лашук распачаў памочнікам у Нясвіжскім фарным касцёле ў канцы 80-гадоў. Да таго часу за плячыма была служба ў савецкім войску і некалькі курсаў Гарадзенскага сельскагаспадарчага інстытуту. У Рыжскую духоўную сэмінарыю паступіў з другой спробы — першы раз навучаньню перашкодзіла савецкае КДБ, узгадвае Ігар Лашук:

«Я працаваў ціха і спакойна, але, як толькі напісаў заяву ў сэмінарыю, адразу да мяне зьявілася цікавасьць у «таварышаў» — выклікалі мяне ў ваенкамат у Нясьвіж «паразмаўляць». І колькі ж мне абяцаньняў і наказаў было: і што я павінны пільна сачыць, асабліва за замежнікамі ў касьцёле, бо нашае месца турыстычнае і, маўляў, могуць бомбу прынесьці. І, што за настаяцелем касьцёла Каласоўскім мушу таксама сачыць, бо ён «з замежнікамі вельмі добра супрацоўнічае». Я, натуральна, прыйшоў і ксяндзу ўсё гэта распавёў — мы з усяго пасьмяяліся разам.

Гэткія сустрэчы доўжыліся некаторы час і размовы станавіліся ўсё больш настойлівыя і агрэсыўныя. Патрабавалі падпісаць паперу так званай ляяльнасьці, што калі ня буду супрацоўнічаць, то нічога ня буду чыніць супраць савецкага саюзу. Пагражалі: маўляў, такіх як ты вывозілі ў лес да сасны і там яны заставаліся. Гэта быў 1986 год — аварыя ў Чарнобылі — і казалі: зараз возьмем у войска на тры месяцы на ліквідацыю аварыі, на самы «купал» пасадзім. Гэтак, пакінуць перада мной чысты аркуш і сыходзяць хвілін на 15, маўляў, падумай. А мне ў вушах словы ксяндза стаяць: «падпішаш — сабе прыгавор падпішаш». І я малюся: «Ойча наш», дай сілы вытрываць. Кажу — пляваць я хацеў — садзіце, вязіце куды хочаце.

У выніку ў сэмінарыю я не паступіў, бо тых «суразмоваў» не прайшоў. Тады я паехаў у сэмінарыю і паступіў таемна, вучыўся завочна і гэтак здаў іспыты за першы курс. А пазьней ужо ў 1988 годзе паступіў свабодна і адразу на другі курс Рыжскай духоўнай сэмінарыі. Дарэчы, я быў першым студэнтаў гэтай сэмінарыі, зь якім сустрэўся папа Рымскі Ян Павал ІІ. Пазьней нават разам зь ім маліўся ў ягонай асабістай капліцы ў Ватыкане».

З кардыналам Дэвішам.

З кардыналам Дэвішам.

Я ня вораг расейскай мовы, але ня бачу сэнсу яе прысутнасьці ў Беларусі

Духоўную сэмінарыю і магістратуру Ігар Лашук закончыў ужо ў Польшчы. А стаўшы сьвятаром, працягнуў навучаньне ў Італіі, Ангельшчыне. Гэтак мусіў вывучыць акрамя польскай яшчэ італьянскую, ангельскую мовы, а каб напісаць навуковыя працы, то навучыўся чытаць таксама па-грэцку і па-габрэйску. Па-беларуску сьвятар выдаў «Кароткі Катэхізм для беларусаў-католікаў» у 1990 годзе — першы пасьля другой усясьветнай вайны. Зь беларускай мовай зьвязаныя і ягоныя ўзгадкі пра першыя гады сьвятарства:

«Мая першая Імша была ў маёй роднай парафіі, у Ішкальдзі. Прамову казаў айцец Аляксандр Надсан, натуральна, па-беларуску. Былі на гэтай Імшы таксама Зянон Пазьняк, Данута Бічэль і іншыя асобы… Але мая першая парафія, дзе я служыў ад 1993 году, была ў Лідзе. На гэты час прыйшліся першыя прэзыдэнцкія выбары і мяне неўзабаве зьвінавацілі ў палітычнай дзейнасьці, хоць гэта была абсалютная няпраўда. У Лідзе найбольшую колькасьць галасоў тады набраў Зянон Пазьняк, але ж у чым тут мая віна была?

Гэта быў час сапраўднага духоўнага адраджэньня: усё было па-беларуску — і школы па-беларуску, і дзеці па-беларуску, і людзі паўсюль па-беларуску, і вывескі ў горадзе, і паперы — жылі, як у казцы. І гэта быў натуральны пераход на беларускую мову, пра які прымус і гвалт адносна выкарыстаньня беларускай мовы спрабавалі і спрабуюць казаць? Увогуле Ліда — гэта было цудоўнае беларускае месца: нават бел-чырвона-белы сьцяг над гарвыканкаммам вісеў аж да тае пары, пакуль закон аб зьмененай дзяржаўнай сымболіцы не набыў юрыдычную моц, хоць на той час рэфэрэндум даўно прамінуў.

Зараз я працую ў весцы Багданава ў Валожынскім раёне і там таксама ўсе размаўляюць па-беларуску. Там іншая, не савецкая — нармальная Беларусь. І размаўляюць на прыгожай беларускай мове — і ў касьцёле, і ў вёсцы. Я ня вораг расейскай мовы, але ня бачу сэнсу яе прысутнасьці тут, у Беларусі. І ўсё добра будзе зь беларускай мовай, не зважаючы нават на тое, як вынішчалі апошнімі гадамі. У сувязі зь міжнароднымі падзеямі людзі больш задумаліся і пра мову, і пра нацыянальнасьць і ў гэтым кірунку разьвіцьцё будзе доўжыцца і надалей».

ксёндз Ігар Лашук з вясковымі дзецьмі

ксёндз Ігар Лашук з вясковымі дзецьмі

Мы кажам пра ІГІЛ, а колькі ў нас зруйнавана касьцёлаў і цэркваў

Яшчэ да студэнцтва ў сэмінарыі Ігар Лашук арганізаваў парафію ў Новым Сьвержні каля Стоўбцаў і дапамог вернікам забраць у дзяржавы мясцовы касьцёл Святых Пятра і Паўла. У пасёлку Сноў каля Нясвіжу дамогся вяртаньня ня толькі касьцёла, але яшчэ і царквы. Стаўшы сьветаром, заснаваў парафію ў Лідзе і Менску, а таксама распачаў будаўніцтва касьцёлаў. Ксёндз Ігар кажа, што размаўляць з чыноўнікамі ў справе духоўнага адраджэньня напачатку 90-х было шмат лягчэй, чым гэта адбываецца зараз:

«Тады мы працавалі з пачуцьцём, што, нібыта, адкрыліся дзьверы са сьвежым паветрам. Людзі абтрэсьлі з сябе страх — касьцёлы былі поўныя. Чыноўнікі тады былі напалоханыя і вельмі разгубленыя — яны ня ведалі што рабіць, і аддавалі ўсё, што можна, іх лягчэй было і перамагаць. А зараз працаваць шмат цяжэй: калі сёньня чыноўнік скажа «так» зь першага разу, што ўсё дазволена, то гэта азначала бы, што адбыўся нейкі цуд. Зараз такіх чыноўнікаў па-просту не існуе.

Я распачаў аднаўляць капліцу ў вёсцы Прасьці — на сваёй радзіме — яшчэ ў 2008 годзе і за ўласныя сродкі. Як уведалі пра гэта чыноўнікі вышэйшыя ўлады….. Як гэта Лашук асьмеліўся бяз іхняха дазволу аднаўляць капліцу???!! Галоўнае злачынства што — без дазволу! Я на такое адказваю: пакажыце мне хоць адзін дазвол ад дзяржавы, што нейкаму сельсавету ці райвыканкаму дазволена занядбаць і разваліць капліцу! Дзе дазвол разваліць? Сёньня мы шмат чуем пра ІГІЛ — ісламскую дзяржаву, якая руйнуе помнікі ЮНЭСКА … А паглядзіце колькі ў нас зруйнавана касьцёлаў і цэркваў, і сёньня іх не аддаюць вернікам, і сёньня працягваюць руйнаваць. У якіх руінах стаяць сядзібы, замкі, капцы, палацы і паркі… Гэта горш, чым ІГІЛ — тут сваю, беларускую культуру руйнуюць. Лепш дапамаглі б, замест таго, каб замінаць.

Капліца ў вёсцы Прасьці да таго, пакуль яе распачаў аднаўляць ксёндз Ігар

Капліца ў вёсцы Прасьці да таго, пакуль яе распачаў аднаўляць ксёндз Ігар

Альбо, дазволы на будаўніцтва. Паводле статуту, мы маем права прасіць зямлю на будаўніцтва, значыць маем права і атрымаць гэтую зямлю. Такога ж пункту няма, што дзяржава мае права ня даць. А нам кажуць: ня маеце права атрымаць зямлю, бо нейкі недзе касьцёл яшчэ не дабудаваны. Альбо — назавіце інвэстара, тэрміны і гэтак далей… Народ — інвэстар, ён і тэрміны пазначае — гэта ж не з дзяржаўнага бюджэту сродкі на будаўніцтва палацаў, каб тэрміны плянаваць. Так, мы мусім дзейнічаць паводле нашых статутаў, але тады няхай і чыноўнікі дзейнічаюць паводле дзейных законаў і статутаў. Чыноўнікі, давайце не выдумляць свае «паняткі», а выконваць законы!»

Такі выгляд мае цяпер былая паўразбураная капліца

Такі выгляд мае цяпер былая паўразбураная капліца

Крыжы сьпілоўвалі, а за малітву давалі штраф

У Менску ксёндз Ігар Лашук быў пробашчам адразу трох парафій: у мікрараёне Серабранка, а таксама ў Бараўлянах і Раўбічах пад Менскам. У Серабранцы сьвятар пабудаваў капліцу і Моладзевы цэнтр, а таксама распачаў узьвядзеньне касьцёла — першага ў Менску пасьля перапынку тэрмінам у сто гадоў. Пад Менскам падзеі разгортваліся болш драматычна, кажа ксёндз Ігар.

«У Раўбічах ёсьць даўні касьцёл, дзе зараз месьціцца этнагарафічны музэй, і за яго мы змагаемся ад 1994 году. Усялякага было: аднойчы мы маліліся на мясцовых могілках у сваё парафіяльнае сьвята. То міліцыі і амапаўцаў там было больш, чым парафіянаў. А ў выніку мяне зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванагам мітынгу і аштрафавалі. Магчыма, мы і вярнулі бы нашу сьвятыню, але адначасна з аналягічнай просьбай да ўладаў зьвярнуўся і праваслаўны прыход, заяву якога падпісаў колішні мітрапаліт Філярэт. Бо пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага царскія ўлады перадалі касьцёл праваслаўным і ў ім некаторы час месьцілася царква. У выніку гэты касьцёл па-ранейшаму належыць дзяржаве. Таму мы мусілі ў Раўбічах збудаваць капліцу і Парафіяльны цэнтр.

У Бараўлянах таксама была гісторыя: на месцы будаўніцтва касьцёла нам сьпілавалі крыж. Хто гэта зрабіў і навошта, невядома і па сёньня. Гэты крыж і зараз стаіць пры капліцы, якую я пабудаваў пазьней. Там жа ў Бараўлянах я будаваў і Моладзевы цэнтр. А зараз я рамантую касьцёл у Багданаве, дзе служу, і будую там плябанію — дом сьвятара. Маем пляны на будаўніцтва касьцёла ў менскім мікрараёне «Дружба», дзе я таксама ёсьць парафіяльным пробашчам. Ну і зараз аднаўляю капліцу, пра якую ўжо казаў, — на маёй радзіме, у вёсцы Прасьці каля Нясьвіжу».

Пасьля ня скажаце, што «былі на службе» ў дзяржавы… Перад Богам гэта на сто адсоткаў «не пракаціць»

Напярэдадні свайго 50-годзьдзя ксёндз Ігар Лашук атрымаў дыплём выпускніка журналісцкага факультэту БДУ і зараз сьвятар — спэцыяліст па камунікацыі ў галіне грамадзкіх сувязяў.

Ксёндз Ігар падчас здачы іспыту на факультэце журналістыкі БДУ

Ксёндз Ігар падчас здачы іспыту на факультэце журналістыкі БДУ

Кажа, што быў найстарэйшым студэнтам БДУ і найстарэйшым сьвятаром, які вучыўся. Гады службы ксяндзом-будаўніком і адраджэнцам, а таксама шматгадовая праца зь людзьмі назапасілі айцу Ігару багата жыцьцёвага досьвету, каб падзяліцца зь іншымі:

«Служыць шмат лягчэй людзям вясковым — яны прасьцейшыя, адкрытыя і шчырыя. Чым далей чалавек ад прыроды і бліжэй да цывілізацыі — тым больш ён сапсаваны. Зь людзьмі працаваць заўсёды цяжка: у кожны пэрыяд гэтыя цяжкасьці зьмяняюцца, але і застаюцца. На адсоткаў восемдзесят людзі ставяцца да веры фармальна. Але дзеля справядлівасьці сказаць — дзеці ходзяць у касьцёлы і ніхто гэтага не баіцца і не саромеецца — для іх гэта натуральная частка жыцьця.

Ксёндз Ігар з мамай і яе суседкай у бацькоўскай хаце

Ксёндз Ігар з мамай і яе суседкай у бацькоўскай хаце

У людзей дарослых ёсьць такое распаўсюджанае меркаваньне, што, маўляў, каб быць веруючым, то не абавязкова хадзіць у касьцёл, можна верыць у душы. Я на гэта адказваю словамі самога Хрыста: «Хто прымае маё цела, той мае жыцьцё вечнае, хто не прымае — той ня мае». Нельга прыняць цела Хрыста, седзячы дома на канапе пры тэлевізары, трэба дайсьці да храма. Гэта вельмі важна яднацца з Хрыстом, бо ў жыцьці больш нічога іншага можа і не застацца. Як мне адзін дзедусь, пражыўшы доўгае жыцьцё, казаў: хадзіў у касьцёл і рабіў дабро людзям — і больш нічога не ўзгадаў — гэта галоўная для яго спадчына і вынік жыцьця.

Шануйце, людзі, адно аднаго, бо пазьней і захацелі бы ўшанаваць, але ня будзе каго. Такое маё пасланьне і чыноўнікам: шануйце людзей і старайцеся дзеля іх працаваць, а не псаваць ім жыцьцё. Бо пасьля ўсё роўна адкажаце… Пасьля ня скажаце, што «былі на службе» ў дзяржавы, у кіраўніка ці яшчэ ў каго іншага. Перад Богам гэта на сто адсоткаў «не пракаціць»».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?