У Беларусі вызначаны парадак прыёму на альтэрнатыўную службу і ўмовы яе праходжання. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 18 красавіка 2016 года нумар 312, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Дакумент прыняты ў мэтах прывядзення нарматыўнай прававой базы ў адпаведнасць з законам «Аб альтэрнатыўнай службе» ад 4 чэрвеня 2015 года.

Праходзячы альтэрнатыўную службу, грамадзяне будуць выконваць работы ў арганізацыях аховы здароўя, жыллёва-камунальнай, лясной і сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый. Яны таксама будуць прыцягвацца да рамонту чыгуначных пуцей і аўтадарог. Акрамя таго, ім можна будзе працаваць у органах і падраздзяленнях МНС.

Час праходжання грамадзянамі альтэрнатыўнай службы залічваецца ў стаж працы.

Прадугледжана, што Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўстанаўлівае пералік арганізацый, у якіх грамадзяне праходзяць альтэрнатыўную службу, а таксама формы прадпісання для праходжання альтэрнатыўнай службы, пасведчанні і форму ўліковай карткі грамадзяніна, які праходзіць такую службу.

Пастанова таксама замацоўвае парадак і ўмовы прадастаўлення грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы, першага працоўнага месца.

Акрамя таго, вызначаны парадак правядзення ваенна-ўрачэбнай экспертызы. Правамоцтвы праводзіць яе для вызначэння катэгорыі годнасці грамадзян прадастаўлены ваенна-ўрачэбным камісіям.

Вызначаны агульныя палажэнні арганізацыі і правядзення медыцынскага агляду грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу. Устаноўлена, што такі агляд праводзіцца па накіраванні органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы знаходжання арганізацыі, у якой грамадзянін будзе служыць.

Парадак накіравання на медыцынскі агляд, формы дакументаў, неабходных для накіравання, і парадак іх афармлення ўстанаўліваюцца Мінпрацы і сацабароны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя па ўзгадненні з Мінабароны.

Арганізацыя правядзення медыцынскага агляду грамадзян ускладаецца на ваеннага камісара (кіраўніка адасобленага падраздзялення ваеннага камісарыята) раёна (горада) па месцы праходжання грамадзянінам службы. Медыцынскі агляд праводзяць дактары-спецыялісты, уключаныя ў склад лякарскіх камісій з правамі ваенна-ўрачэбных камісій ваенных камісарыятаў (адасобленых падраздзяленняў ваенных камісарыятаў) раёнаў (гарадоў): доктар-хірург, доктар-тэрапеўт, доктар-неўролаг, доктар-афтальмолаг, доктар-отарыналарынголаг і пры неабходнасці — дактары іншых спецыяльнасцей.

Для ўдакладнення дыягназу грамадзянін, які праходзіць альтэрнатыўную службу, можа быць накіраваны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя на медыцынскае абследаванне ў амбулаторных або стацыянарных умовах. Пры гэтым патрабаванні да стану здароўя аналагічныя патрабаванням, што прад'яўляюцца ў адносінах да грамадзян, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?