Сёлета паказы адбудуцца 21—24 красавіка ў Менску і Віцебску — у кінатэатрах «Мір» у абодвух гарадах. Праграмны дырэктар «Паўночнага зьзяньня», прадусар і паэтка Вольга Чайкоўская расказала Свабодзе, як рабіліся пераклады стужак са швэдзкай, фінскай, дацкай, ісьляндзкай і нарвэскай моваў, а таксама паразважала, ці падобныя паўночныя народы да беларусаў.

На фота: Марыя Яромава — прэс-сакратар фэстывалю, Алесь Бельскі — дызайнэр фэстывалю, Вольга Чайкоўская — дырэктар фэстывалю, Антон Мех — відэа-мэнэджэр фэстывалю

На фота: Марыя Яромава — прэс-сакратар фэстывалю, Алесь Бельскі — дызайнэр фэстывалю, Вольга Чайкоўская — дырэктар фэстывалю, Антон Мех — відэа-мэнэджэр фэстывалю

— Фэстываль «Паўночнае зьзяньне» малады — сёлета адбудзецца другі раз. Якая гісторыя яго стварэньня і чаму вы сталі яго дырэктарам?

— Летась, калі фэстываль плянаваўся ўпершыню, мне прапанавалі зрабіць праграму для яго. Лёс склаўся так, што я шмат працую з кіно, маю досьвед артжурналісцкай і кінажурналісцкай дзейнасьці, прадусірую дакумэнтальнае кіно, а таксама абазнаная ў кінэматографе Паўночнай Эўропы. Першапачаткова меркавалася, што фэстываль будзе паказваць стужкі, якія прадстаўляюць амбасады. Але я, пабачыўшы ў «Паўночным зьзяньні» вялікі патэнцыял, захацела стварыць цікавую праграму з найноўшымі фільмамі. Летась гэта атрымалася часткова — палову фільмаў прадставілі амбасады, а іншую палову я сама выбірала і сама дамаўлялася наконт іх з дыстрыб’ютарамі. У гэтым годзе ўся праграма складзеная мной, а амбасады выступаюць у якасьці партнэраў.

— Што гэта за фільмы, якія ты прапаноўваеш беларускім кінаманам? Наколькі яны вядомыя і пасьпяховыя ў сябе на радзіме?

— Гэта фільмы найноўшыя, фільмы гучныя. Іх сусьветныя прэм’еры адбыліся на кінафэстывалях у Таронта, Вэнэцыі і Гётэборгу. Напрыклад, ісьляндзкая стужка «Гара нявіннасьці» атрымала летась галоўную ўзнагароду Рады Міністраў Паўночных краін, галоўны офіс якой у Капэнгагене, і таксама выйграла ісьляндзскі «Оскар». Фінская стужка «Перашкоды» летась атрымала фінскі «Оскар» у трох намінацыях. Гэтымі прыкладамі я хачу пацьвердзіць, што падбірала самыя выбітныя стужкі.

— Чаму ў Беларусі мала паказваюць фільмаў са Скандынавіі і іншых паўночных краін?

— Гэта абумоўлена стасункамі паміж сусьветнымі дыстрыб’ютарамі і нашымі кінапракатнымі арганізацыямі. Справа ў тым, што нашы кампаніі працуюць праз расейскіх дыстрыб’ютараў — менавіта таму мы адразу атрымліваем фільмы з дубляжом ці субтытраваньнем на расейскай мове. Гэта значыць, што мы не правайдзім для масавага пракату свае субтытры, за выключэньнем фэстывальных паказаў. А ў масавым пракаце мы заўсёды робім гэта праз Расею.

— Ці ёсьць верагоднасьць, што паўночнае кіно стане больш папулярным у Беларусі?

— Насамрэч, цяпер у сьвеце назіраецца бум паўночнага кіно, таму ёсьць падставы меркаваць, што і ў Беларусі яго зьявіцца больш. «Паўночнае зьзяньне» дае ўнікальную магчымасьць паглядзець найлепшае і найцікавейшае, што было ў паўночным кінэматографе за апошнія пару гадоў. Прычым праграма фэстывалю аб’яднаная адной канцэпцыяй і адным слоганам. Падчас праглядаў і майстар-клясаў можна будзе пабачыць некаторых стваральнікаў фільмаў — рэжысэрку фінскага фільму «Вясковыя жыхары» Мар’ю Пююка, дырэктара Дацкага інстытуту культуры ў Рызе Сімона Друсэна Хольмбэрга і дацкага рэжысэра кіно і тэлебачаньня Оле Хрысціяна Мадсана, фільмы якога сумарна ўжо атрымалі каля 115 намінацыяў на розных кінафэстывалях і знайшлі дыстрыбуцыю ў больш як 100 краінах. Вельмі добра, што беларускія кінагледачы будуць мець магчымасьць сустрэцца з прадстаўнікамі кінэматографу з Даніі — гэтая краіна робіць моцны ўплыў на сусьветны кінэматограф.

— На побытавым узроўні мы ведаем пра паўночныя краіны, што жывуць там заможна, што ў крамах усё дорага, але затое вельмі прыгожая прырода. Ці дапамогуць фільмы з праграмы «Паўночнага зьзяньня» неяк паглыбіць успрыманьне гэтых краін?

— Насамрэч, мы ведаем пра паўночныя краіны няшмат, хоць яны ня так і далёка. Менавіта таму беларускай аўдыторыі будзе цікава паглядзець гэтыя фільмы. Стужкі раскрываюць мэнталітэт, настроі, асаблівасьці характару, культуры і мовы краін-удзельніц. Наўрад ці гледачы адрозьняць ісьляндзкую мову ад фінскай, а дацкую ад нарвэскай. Але ўсе стужкі будуць дэманстравацца на мове арыгіналу зь беларускімі субтытрамі, таму можна будзе ня толькі паглядзець на нардычны тэмпэрамэнт людзей і прыгожыя пэйзажы, але і адчуць мілагучнасьць паўночнаэўрапейскіх моваў.

— Уся праграма аб’яднаная слоганам «Хараство штодзённага». Што ён азначае?

— Ён аб’ядноўвае настрой усіх васьмі стужак, якія будуць паказаныя. Яны ўсе распавядаюць пра прыгажосьць і паэзію ў побыце, у простых рэчах. Хараство можна назіраць, не выходзячы з уласнай кухні. І паўночнае зьзяньне можна бачыць у побытавым жыцьці, а таксама ўнутры сябе. У гэтым паўночныя эўрапейцы, дарэчы, блізкія да беларусаў — зьнешне мы стрыманыя, але ўнутры маем агеньчык, і нам ня сумна самім з сабой. Героям стужак, які будуць паказаныя на фэстывалі, прынамсі, вельмі ня сумна з самімі сабой.

— Ці можа быць такое, што гледачу, які звык больш да Галівуда, будзе цяжка зразумець паўночныя фільмы?

— Не, таму што яны вельмі глядацка-friendly. Гэта фільмы пра актуальныя падзеі, яны пэўна спадабаюцца гледачам, незалежна ад іх абазнанасьці ў кінэматографе.

— Усё аздабленьне «Паўночага зьзяньня», інфармацыйная прадукцыя, зьнешняя рэкляма зробленыя па-беларуску. Гэтаксама як і субтытры да ўсіх васьмі фільмаў. Гэта ваша ініцыятыва ці, можа, патрабаваньне замежных партнэраў?

— Не, гэта пэўна не патрабаваньне. Мы абмяркоўвалі, на якой мове рабіць субтытры, каб гэта было найбольш зразумела для гледачоў. Неяк натуральным чынам пагадзілася, што будзе беларуская мова. Летась дзьве стужкі былі з расейскімі субтытрамі — таму што яны былі прадстаўленыя амбасадамі і ўжо ўключалі ў сябе субтытры на расейскай мове. У гэтым годзе я выбірала стужкі сама, ніводная зь іх ня мела субтытраў на славянскіх мовах, і было прынята рашэньне, што пераклады будуць на беларускую мову. Увогуле, уся фэстывальная камунікацыя адбываецца на дзьвюх мовах — беларускай і ангельскай. Ангельская трэба таму, што фэстываль наш міжнародны, ёсьць замежныя госьці.

— Хто перакладаў фільмы на беларускую мову?

— Мы супрацоўнічаем з Цэнтрам швэдзкіх дасьледаваньняў у Менску, там ёсьць прафэсійныя перакладчыкі, якія працуюць з усімі паўночнаэўрапейскімі мовамі, акрамя ісьляндзкай. Таму ісьляндзкі фільм мы перакладалі праз ангельскую мову. З карэктурай субтытраў вельмі моцна дапамагла Вольга Рызмакова, намесьніца консула Аддзяленьня амбасады Фінляндзкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

— Як паставілася да беларускамоўнага кінафэстывалю кіраўніцтва кіназаляў у Менску і Віцебску?

— Цудоўна, ніякіх праблем не было.

— Якія тры фільмы вы раіце наведаць абавязкова?

— Я вельмі раю стужку адкрыцьця — гэта фінскі фільм «Вясковае жыцьцё», якое будзе прадстаўляць сама рэжысэрка. Лічу, што фільм вельмі цікавы для беларусаў, вельмі блізкі да нас.

Гэта камэдыя-фантасмагорыя пра тое, як у маленькую фінскую вёску ў Лапляндыі прыяжджае рэальны гістарычны пэрсанаж — Урха Кеканен, які быў прэзыдэнтам краіны з 1956 па 1982 год. Справа ў тым, што Урха быў вельмі супярэчлівай фігурай для Фінляндыі — ён вывеў краіну з пасьляваеннага крызісу, але ў той жа час яго лічылі шпіёнам. Яго візыт у вёску зьвязаны з шэрагам камічных і іранічных гісторыяў.

Другі фільм, які я шчыра раю, — гэта ісьляндзкая драма «Гара нявіннасьці», гісторыя пра сацыяфоба, які пакутуе ад лішняй вагі і жыве з бацькамі, хоць яму ўжо за сорак. Гісторыя пра тое, як гэты мужчына сустракае дзяўчыну, якая мяняе яго жыцьцё, і пра тое, як драпежнае грамадзтва ўспрымае чалавека інакшага.

І трэцяя стужка — гэта швэдзкая драма «Мая худзенькая сястра» — сямейная гісторыя пра стасункі паміж дзьвюма сёстрамі, іх спаборніцтва, зайздрасьць паміж імі. Адна зь сясьцёр пакутуе на анарэксію — і гэта таксама важная тэма гэтага фільму. Вельмі цікавая і кранальная гісторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?