Гэтая гісторыя здарылася 8 сакавіка ў цэнтры Менску. Студэнтка малодшых курсаў аднаго зь беларускіх ВНУ вярталася дадому з піцэрыі. Яе спыніў супрацоўнік міліцыі ў форме і папрасіў прайсьці разам зь ім у службовую машыну. У міліцэйскім аўто дзяўчыну згвалтавалі…

— Калі мы зь сяброўкамі выйшлі з піцэрыі, было, мабыць, каля паловы на адзінаццатую вечара, — расказвае Вольга «Народнай волі» (імя гераіні гэтай дзікунскай гісторыі па зразумелых прычынах зьмененае). — Сяброўкі паехалі дадому на мэтро, а я пайшла пешкі. На адной з цэнтральных вуліц Менску мяне спыніў міліцыянт у форме і папрасіў прайсьці за ім. Натуральна, ніякіх дурных думак у мяне ня ўзьнікла, і я бяз сумневаў пайшла за ім. Ён прапанаваў сесьці ў машыну і сам сеў побач. У машыне на пярэдніх сядзеньнях сядзелі яшчэ два ў форме. Пасьля яны выйшлі, а ён мяне згвалтаваў. Канешне, я супраціўлялася, як магла. Можна чыста тэарэтычна разважаць, як трэба весьці сябе ў падобных сытуацыях, але ў рэчаіснасьці ўсё адбываецца інакш…

— Калі тыя два міліцыянты вярнуліся, мне адчынілі дзьверы машыны, і ўсе з’ехалі…

Я неяк дайшла дадому. Спачатку моцна плакала. Пасьля патэлефанавала сяброўцы, ўсё расказала. Пасьля мы вызвалі «хуткую» і міліцыю.

Міліцыянтаў я апазнала. У той дзень ён з калегамі патруляваў раён…

Мяне настойліва прасілі забраць заяву з міліцыі, каб не разьдзімаць скандалу. Той, хто мяне гвалціў, прасіў яго пашкадаваць і зразумець, казаў, што ў яго маленькае дзіця і цяжарная жонка… Яму самому каля 30 год.

Двое ягоных калегаў выступаюць у абарону як сьведкі. Яны кажуць, ніякага згвалтаваньня не было. Хоць калі яны былі пры выкананьні, то ня маюць права саджаць у машыну пабочных асобаў.

А гвалтаўнік кажа, што прызнае свой учынак, але быццам бы ўсё адбылося па маёй згодзе. Хоць гэта хлусьня!

* * *

ЗВАНОК СЬЛЕДЧАМУ

«Мы ня маем намеру абнародаваць гэту справу», ‑‑ сказаў сьледчы пракуратуры, якая вядзе гэту справу, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.

ЗВАНОК у МУС

Адно з галоўных правіл журналістыкі — даць выказацца ўсім бакам. Таму «Народная воля» патэлефанавала ў МУС з просьбай паведаміць каардынаты «галоўнага героя». Там адказалі: ён у нас больш не працуе.

«Па сканчэньні службовай праверкі ён быў звольнены за дыскрэдытацыю званьня супрацоўніка органаў унутраных спраў», ‑‑ сказалі «Народнай волі».

ПОГЛЯД З БОКУ

«Такія выпадкі, як правіла цягнуць за сабой адстаўку кіраўніка МУС»

За апошні час адбылося нямала гучных эпізодаў, галоўныя героі якіх — людзі ў міліцэйскіх пагонах.

Прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня маньяк у пагонах Аляксандар Сяргейчык.

«Жывы шчыт», створаны беларускімі даішнікамі.

Жорсткае зьбіцьцё мірных дэманстрантаў.

Сьведкавыя паказаньні амонаўцаў у судах над прадстаўнікамі апазыцыі.

Такое ўражаньне, што міністар унутраных спраў проста ня ў стане кантраляваць сваіх падапечных…

У літаратуры пра згвалтаваньні пішуць, што ў грамадзтве шырока пашыраны ўяўленьні пра тое, што калі жанчына ідзе з мужчынай у кафэ і дазваляе яму расплаціцца, то ён можа памылкова прыняць гэта як маўклівую згоду на інтымную блізкасьць. Упэўнена: з гэтай думкай могуць паспрачацца многія жанчыны. Аднак у дадзеным выпадку дзяўчына пайшла не зь нейкім ванючым бамжом, ня з выпіўшым мужчынам сумнеўнага выгляду, які заляцаўся да яе на вуліцы, а з прадстаўніком органаў правапарадку, з чалавекам у форме!

Калі б мяне папрасіў супрацоўнік міліцыі прайсьці разам зь ім — я б таксама напэўна пайшла. І ніякіх думак, як у гэтай дзяўчыны, пры гэтым не ўзьнікла б. А пасьля гэтай гісторыі ўзьнікнуць. Нават калі ўвечары даішнік на дарозе спыніць.

Гвалтаўнік у пагонах сьцьвярджае, што «інтымны акт» адбыўся па агульнай згодзе.

А дзяўчына кажа, што яна была катэгарычна супраць. Асабіста я веру ёй. Калі жанчына сказала «не», хай нават шэптам, хай нават ужо ў ложку, значыць, мужчына павінен спыніцца. Толькі вельмі неразумны мужчына можа не зразумець, што дама не жадае ўступаць у інтымную сувязь, калі яна просіць пакінуць яе ў спакоі.

Хачу зразумець: да якой ступені трэба быць упэўненым у сваёй беспакаранасьці, каб у цэнтры Менску, у службовым аўто гвалтаваць дзяўчыну, якая яму спадабалася?

Марына Коктыш, Народная воля

Глядзіце
поўную вэрсію артыкулу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0