Амэрыканскі бок ідзе на скарачэньне штату пасольства да пяці чалавек. Пра гэта паведаміў на прэс‑канфэрэнцыі ў Менску часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

У сераду, 30 красавіка, а 15-й гадзіне Дж. Мур быў выкліканы быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў. Дыплямат мусіў прыйсьці са сьпісам супрацоўнікаў пасольства, якія застаюцца працаваць у Менску.

На прэс-канфэрэнцыі Джонатан Мур сказаў:

«Для ЗША больш важна колькасьць палітвязьняў у Беларусі, чым колькасьць дыпляматаў. Ня важна колькі дыпляматаў застаецца ў краіне: чатыры ці пяць. Пасьля працэсаў Кіма і Парсюкевіча ў Беларусі стала тры палітвязьні. Пакуль ёсьць палітвязьні, ёсьць эканамічныя санкцыі, ‑‑ сказаў Джонатан Мур.

Дыплямат не выключае магчымасьці, што ў выпадку адмовы ў вызваленьні Казуліну, Парсюкевічу і Кіму, амэрыканскі бок увядзе новыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.

«Я ня ведаю, калі гэта будзе і на якія прадпрыемствы яны будуць накіраваныя. Рашэньне прымаецца ў Вашынгтоне, але, думаю, яны (санкцыі) будуць хутка. Леташнія санкцыі аказалі той эфэкт, які мы чакалі. У нас ніколі не было намеру сур'ёзна паўплываць на эканоміку Беларусі».

Патрабаваньне скараціць пасольства, Джонатан Мур назваў «неапраўданым, неабгрунтаваным, нелегітымным», але пасольства ЗША падпарадкуецца гэтаму рашэньню.

Калі згаданыя 10 дыпляматаў цягам 72‑х гадзін не пакінуць Менск, яны будуць абвешчаныя пэрсонамі нон‑грата і высланыя з краіны (зараз у Менску знаходзіцца 15 амэрыканскіх дыпляматаў).

Джонатан Мур заявіў, што пасольства ЗША пакуль не гатова даць дэталі, хто менавіта цягам бліжэйшых 72 гадзін пакіне Менск, а хто застанецца. Сам часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі зазначыў, што застаецца ў сталіцы Беларусі.

Часовы павераны таксама паведаміў, што сёньня ў МЗС ішла размова аб вяртаньні ў Вашынгтон беларускага пасла Міхаіла Хвастова, а ў Менск — пасла ЗША Карэн Сьцюарт, але такая прапанова амэрыканскага боку была адхіленая беларускім замежнапалітычным ведамствам.

Таксама Джонатан Мур спыніўся на дзейнасьці пасольства ЗША ў Менску ад 1991 г. Па словах амэрыканскага прадстаўніка, за 17 гадоў Беларусь было выдзелена 270 млн даляраў гуманітарнай дапамогі, выдана 90 тыс. візаў, ажыцьцёўлена больш за тысячу праграм абмену. Каля 300 студэнтаў атрымалі магчымасьць паехаць вучыцца за акіян. У праграмах, арганізаваных амэрыканскім дыппрадстаўніцтвам, узялі ўдзел каля 600 школьнікаў.

«Супрацоўнікі амбасады аб'езьдзілі ўсе куткі Беларусі. Асабіста я быў на гэтых выходных у Гомелі і в. Морач. У выпадку скарачэньня штату выконваць усю гэтую працу будзе нашмат складаней», -- адзначыў Дж. Мур.

Было закранутае на прэс-канфэрэнцыі і візавае пытаньне.

"Зараз мы аказваем консульскія паслугі толькі ў надзвычайных выпадках. Большасьці грамадзянам Беларусі мы раім зьвяртацца ў наша пасольства ў Маскве", -- паведаміў сп. часовы павераны.

Джонатан Мур асабліва падкрэсьліў, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША і дэмакраты, і рэспубліканцы займаюць аднолькавую пазыцыю адносна беларускага пытаньня: "Прынамсі адзін з трох, а то і ўсе кандыдаты добра валодаюць беларускімі праблемы".

Таксама сёньня ў МЗС Джонатан Мур запатрабаваў вызваленьня адваката Эмануіла Зэльцэра. «Пасольства ЗША выказвае заклапочанасьць ягоным станам здароўя і патрабуе вызваліць Э. Зэльцэра на гуманітарных асновах», -- сказаў сп. Мур.

Часовы павераны назваў беспрэцэдэнтным ціск, які аказваецца на пасольства ЗША ў Менску. Паводле ягоных словаў, амэрыканская дыпляматыя яшчэ ніколі не сутыкалася з падобнымі праблемамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?