Усе запэўніванні Мінска аб бяспецы АЭС, якая будуецца, — гэта гульня слоў, а не практыка, заявіў дэпутат Еўрапарламента Пятрас Аўштравічус, які ўдзельнічае 22 красавіка ў Мінску ў міжнароднай канферэнцыі па атамнай энергетыцы Беларусі.

Патэнцыялам развіцця беларускай атамнай энергетыкі павінны стаць еўрапейскія стандарты, лічыць ён, інакш насельніцтва Беларусі рызыкуе стаць «атамна-эксперыментальным народам».

«Прытрымлівацца постсавецкіх стандартаў — гэта як крочыць па чарнобыльскай шашы, я не хачу верыць, што Беларусь гатовая павярнуць туды яшчэ раз», — сказаў ён, адзначыўшы, што еўрапейскія стандарты даюць іншую магчымасць, але «канвенцыі груба парушаюцца беларускім бокам».

Каментуючы заяву кіраўніка МАГАТЭ Юкіі Амана аб тым, што агенцтва да 2018 года дадаткова правядзе сем экспертных місій на Беларускай АЭС, ён сказаў: «Мы чуем з Мінска, што да 2018 года павінен быць уведзены ў строй першы блок. Калі прыедзе першая місія? У 2017 годзе, на ўзвядзенне вянку, як кажуць? Нешта тут не сыходзіцца. Мы ж будуем не ферму, а магутную атамную электрастанцыю, і з гэтым жартаваць нельга. Урокі Чарнобыля стаяць побач, і Беларусь, ведаючы пра ўсё тое, што здарылася, я думаю, мае маральнае права патрабаваць самых высокіх крытэрыяў бяспекі ў сваёй краіне».

На яго думку, усе запэўніванні Мінска пра бяспеку станцыі — «гэта гульня слоў, а не практыка». «Вельмі рызыкоўна стаць ахвярай піяр-інфармавання», заявіў ён, адзначыўшы, што запрошаныя эксперты стануць «проста паказной карткай».

«Цяпер вядзецца піяр-кампанія, дзе людзям гаворыцца адно, а эксперты, якія паглыбляюцца ў факты, ведаюць іншае», — дадаў парламентарый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?