Лонданскі суд замарозіў маёмасць алігархаў Ігара Каламойскага і Генадзя Багалюбава ў Еўропе, паведамляе Bloomberg.
Маёмасць была замарожаная ў рамках разгляду пазову расейскай нафтавай кампаніі «Татнефць» ад 22 сакавіка на агульную суму ў 380 мільёнаў даляраў.
Паводле дадзеных выдання, судовы ордэр тычыцца такой маёмасці, як прыватны самалёт, лодка і маёмасць у Англіі і Францыі. У прыватнасці, пад яго дзеянне патрапіла раскошная віла Каламойскага ў Францыі з гектарам зямлі, а таксама яшчэ 50 акраў ў французскім рэгіёне Верхняя Савоя.
Датычна Багалюбава, то пад дзеянне ордэра трапілі некалькі аб'ектаў дарагой нерухомасці, уключна з домам побач з Букінгемскім палацам у Лондане коштам 5,7 млн даляраў.
Пазоў таксама тычыцца бізнэс-партнёраў алігархаў — Аляксандра Яраслаўскага і Паўла Аўчарэнкі. Апошні кіруе кампаніяй «Укртатнафта».
«Татнефць» абвінавачвае алігархаў у незаконным размыцці долі расейцаў у кампаніі «Укртатнафта», а таксама ў нявыплаце грошай за пастаўку нафты гэтай кампаніі ў 2009 годзе.
Каментуючы пазоў, адвакат Багалюбава Алі Малек заявіў, што патрабаванні «Татнефці» з'яўляюцца састарэлымі і тычацца «гістарычных падзей». На яго думку, час падачы такога пазову ўжо скончыўся.