Студэнт-трэцякурснік факультэта дзіцячай педагогікі і псіхалогіі Юрась Гоман, па мянушцы Гык, вось ужо паўгадзіны як утаропіўся ў чысты аркуш паперы на кухонным стале і ніяк не мог даць яму рады. Адзінота і засяроджанасць не ратавалі. Гык пачынаў шкадаваць, што ўвязаўся ў гэтую авантуру: пагадзіўся напісаць нарыс для тэматычнай насценгазеты «Свет маіх захапленняў» у абмен на залік па беларускай мове.
А яшчэ ўранні, пачуўшы прапанову выкладчыцы, ён падумаў, што ўхапіў бога за бараду. Атрымаць той залік было няпроста, асабліва яму, Гыку, ураджэнцу аддаленага дробнага райцэнтра, выпускніку прафесійнага ліцэя, дзе тры гады вучылі адразу тром спецыяльнасцям, кожнай патроху. У атэстаце па мове Гык меў сем балаў, як і кожны, хто сядзеў на ўроку ціха і з класухаю не сварыўся, але ва ўніверсітэце чамусьці гэтага было недастаткова. Летась ён здаў кляты залік ажно з чацвёртай спробы. Таму ідэя з насценгазетай падалася прывабнай, нават не зважаючы на перасцярогу выкладчыцы: «Толькі не спрабуйце, Гоман, спісаць, я адразу пабачу, дзе вы, а дзе інтэрнэт!» « Ай, можа, выкручуся якнебудзь, дзеўкі памылкі правераць…» — пазітыўна разважаў моваведняўдаліца.
Але праблемы прыходзяць адтуль, адкуль не чакаеш. Памылкі — гэта паўбяды. Пры паглыбленні ў тэму высветлілася: ён не ведае, пра што пісаць. Бо ніякіх захапленняў, пра якія можна казаць услых прыстойнымі словамі, не мае. У дзяцінстве хадзіў у гурткі, у трэцім класе, як усе, займаўся музыкай: па бацькоўскім загадзе вучыўся граць на баяне. Нотнай граматы так і не адолеў. Паўгода бацькі назіралі за ягонымі пакутамі, разам з настаўніцай спрабавалі прыахвоціць хлапца да свету чароўных гукаў, але ўрэшце кінулі марную справу.
Можна было, канечне, у сачыненні пра музыку наплесці — але небяспечна: раптам пасля на вечарыне прымусяць на сцэне зайграць, а ён ужо забыўся, як той баян выглядае, з гармонікам і акардэонам вечна блытае — во смеху будзе!
Не абмінуў Юрка ў школьныя гады і спартыўных заняткаў. Увесь восьмы клас у лыжную секцыю прахадзіў, нават у раённай лыжні ўдзельнічаў. Далей справа не пасунулася. І галоўнай прычынаю сталіся не столькі прыродныя анамаліі, колькі Францавіч — Юрасёў трэнер. Ён, у адрозненне ад свайго выхаванца, меў багата захапленняў. Выраб і рамонт разнастайных сельгаспрыладаў, праца ў школьнай майстэрні, даўняе сяброўства са школьным заўгасам адымалі амаль увесь час трэніроўкі. У выніку юныя спартоўцы коўзаліся на казённых лыжах па школьным двары самастойна, хто як умее. Чым кіраваўся Францавіч, вылучыўшы менавіта васьмікласніка Гомана на спаборніцтвы, сказаць цяжка: можа, той часцей на вочы трапляўся ці спакайнейшы быў. Але Юрась дужа ўзрадаваўся і марознай раніцаю ў добрым настроі прыбыў на старт. Супернікамі аказаліся відавочна старэйшыя і лепш падрыхтаваныя хлопцы. Мусіць, Францавіч пераацаніў здольнасці свайго выхаванца ці нешта зблытаў і не на тую лыжню паслаў. Малы Юрка прыйшоў да фінішу ўвесь захаканы, зарумзаны, са зламанаю лыжынай. «Не журыся, унучак, цішай едзеш — больш камандзіровачных атрымаеш!» — суцяшала бабуля, шукаючы ў сумцы грошы на шакаладку.Тым годам у секцыю ён больш не пайшоў, наступнаю зімою захварэў, а пасля паступіў у мясцовы ліцэй, колішняе сельскае пэтэвэ, пачаліся іншыя захапленні.
— Слухай, Кабан, а можа, мне пра лыжы напісаць? — пацікавіўся на перапынку Юрка ў сябра, таксама будучага дзіцячага псіхолага. Той у адказ адразу зарагатаў:
— Ты, Гык, з дуба ўпаў? Снегу ж трэці год няма!
Што яму, Кабану! Кабан за факультэт у футбол гуляў і ў камп’ютарах шарыць — пра гэта ўся група ведае. А тут сядзі — ламай галаву! — крыўдаваў Гык самнасам з нечапаным аркушам і, мусіць, зусім затужыў бы, калі б у пакой не ўваліўся, па даўняй інтэрнатаўскай звычцы не пагрукаўшы ў дзверы, сусед Віталя. Усюдыісны чалавек, якому ўсю дарогу было нешта трэба ад іншых: то цыгарэтаў, то хлеба, то солі, то запаліць, то патэлефанаваць. За сваё жыццё ён безліч разоў мяняў прапіску і працу і, па словах цешчы, быў надта адукаваным: «Мой зяць такі ўжо граматны, такі граматны, пэўна, іншага такога ва ўсім горадзе няма! Есць з кніжкаю, спіць з кніжкаю, у туалетце сядзіць і то з кніжкаю! Калі ён ужо гэтую навуку ў жызнь прымяняць будзе?» — жалілася старая.
— Чаго, герой, галаву павесіў? Усю радню ў адзін дзень пахаваў? — бліснуў залатым зубам Віталя.
— Ды вось, трэба сачыненне напісаць пра хобі, залік абяцалі, а я не ведаю як, — уздыхнуў Гык.
— Не заганяйся, зараз штонебудзь прыдумаем, — абнадзеіў Віталя і пачаў выпытваць.
— У футбол гуляеш?
— Не.
— А ў шашкі?
— Не.
— Да, сітуацыя… Можа, на падворку што рукамі рабіць умееш? Ну, мэблю там ці зламаны матацыкл паправіць?
— Ага, рубероід на даху прыбіваў на дзедавай істопцы, — з гонарам узгадаў Гык.
— Рукасты! — рагатнуў Віталя. — Давядзецца пісаць, як у тым анекдоце пра Пецьку і Чапаева! Ведаеш? Загадалі Пецьку ў вячэрняй школе пісаць сачыненне «Як я правёў лета…» А ён усё лета піў ды па бабах цягаўся. Ну і параілі: маўляў, як пілі — пішы, кніжкі чыталі, як па бабах — на рыбу хадзілі…
— Не складаецца ў мяне з рыбаю, — буркнуў Гык.
— Ну, баб жа любіш? — не сунімаўся дасціпны сусед.
— Слухай, у мяне хутка галава зломіцца, а ты смяешся, нібы жалезку знайшоўшы!
Аднак, нягледзячы на роблены папрок у голасе, пасля слова «бабы» тужлівая задуменнасць студэнта змянілася на бляск у вачах. Бо дзеўкі яшчэ з бесклапотных пэтэвэшных часоў былі для Гыка галоўным хобі. Ён любіў іх амаль як самога сябе, а не так даўно навучыўся з гэтага шчэ й выгаду мець. Што зробіш! Не мы такія — жызь такая. Падчас вучобы ў ліцэі на трактарыста і лесніка аддаваў перавагу першакурсніцам з інтэрната. З імі прасцей, бо дурнейшыя. Галаву затлуміць — раз плюнуць, у падарунак — і шакаладкі дастаткова! А калі Даша з Надзяю зза яго на агульнай кухні пабіліся, Юрка Гоман мясцоваю знакамітасцю зрабіўся. Тады якраз ягонага дзядзьку Івана прызначылі начальнікам мясцовага РАУС. Дык ён наогул зоркаю сябе адчуў! Залатыя часы…
Як жа было такому хвацкаму кавалеру, славутага дзядзькі пляменніку за трактар садзіцца ці на пілараму ісці? Вось дзядзька і прапанаваў: «Паступай на вышэйшую. Адукацыя будзе — я цябе кудынебудзь уткну: хоць сабе ў пашпартны стол ці на месца Мікалаеўны — яна псіхолагам лічыцца, пакуль адвучышся, якраз на пенсію пойдзе». Гык падумаў: дзядзька дзела гаворыць. Сястра параіла ў педагагічны. Бал прахадны невялікі, вучыцца няцяжка, хлопцаў мала, ставяцца да іх паблажліва. А дзевак колькі! І не абыякія. Пашчасціла.
Паступіў. Агледзецца не паспеў — упадабаў першую дзеўку ў групе і пачаў заляцацца. Жывучы ў інтэрнаце з прусакамі і дзіраваю падлогаю, ён па першым часе яшчэ і тут адчуваў сябе местачковым плэйбоем, не абыякога дзядзькі пляменнікам. Але Марына была дачкою дырэктара завода і выканкамаўскай дамы, заўжды багата ўбраная, тэлефоны і планшэты ледзь не штомесяц мяняла, таму лічылася найпершаю красуняй. Двойчы на год адпачывала за мяжой, на дзень народзінаў атрымала машыну ў падарунак, на якой пасля лекцый ніколі ў бок роднага дому не зварочвала. Пачала перад іншымі дзеўкамі перспектыўным жаніхом хваліцца, планаваць улетку вяселле на сто чалавек. Гэта не Дашка з Надзькаю, малалеткі вясковыя! Шакаладкаю не спакусіцца, па прырэчных лаўжах гуляць не пойдзе.
Грошай на начныя дыскатэкі і рэстараны Гык не меў. Даволі хутка зразумеў, што ён тутака ніхто і зваць яго ніяк. Праўда, тужыў нядоўга. Неяк прыехаў дадому, схадзіў на танцы ў ДК і дзіву даўся — за паўгода столькі новых дзевак падрасло! Нічым за гэтую Марынку не горшых! А пантоў значна меней! Выкінуў з галавы Марынку і пачаў прыглядацца да маладзенькіх зямлячак. То адну правядзе, то другую. Лета прайшло, восень з зімою мінуліся. А Марынка нешта вясельных здымкаў у інстытут так і не прынесла.
Апошнія два месяцы, наязджаючы да бацькоў, Гык гуляў з Лізаю з суседняй вуліцы. Тая заканчвала адзінаццаты клас, збіралася на прадаўца вучыцца і паглядала на ўхажора бы на Бога знізу ўверх, ловячы кожнае ягонае слова. Як жа: прыгажун, студэнт, адвучыцца — начальнікам будзе, у вялікім горадзе жыве! Праўда, дзе канкрэтна жыве і з кім, не ведала, бо яе Юрачка не расказваў.
А жыў ён ужо другі год не ў інтэрнаце, а ў маласямейцы з усімі выгодамі, у аднапакаёўцы, лічы, разам з Галяю, гаспадыняю ўласнай жылплошчы, старэйшай за яго гадоў на пяць дзеўкаю. Тая па кавярняхдыскатэках не цягаецца, пасля працы на швейнай фабрыцы ўсё болей дома сядзіць. І памые, і наварыць, і сама заўжды пад бокам. За жытло плаціць не трэба, грошай не патрабуе! Хіба што ежы з дому прывязеш, раз у бацькоў гаспадарка. Ціхая, непрыкметная, любіць, каб усё чысценька, збірае грошы на сценку, бо калі Хамутовы з дзясятай купілі — дык і нам трэба. Хітранькая. Пра ЗАГС пакуль маўчыць — спадзяецца доўгачасовай аблогай узяць. Толькі хітрасць тая навідавоку…
— Ну дык калі з маёй суседкай вяселле? — зноўку азваўся балбатлівы Віталя.
— Давучуся спярша, а там паглядзім, — прамармытаў Юра, пра сябе адзначыўшы: «На святыя ніколі, толькі хрэн я табе пра гэта скажу, ты на першай жа п’янцы маёй Галі прагаворышся. Яна адразу мяне выпрэ. А мне яно трэба? Тутака ўежна і ўлежна. Перабуду, пакуль не пераддыпломная практыка ці хаця новы інтэрнат не адрамантуюць — і тады ўжо рукі ў ногі! Вось і маці гаворыць: ты, сынку, з ёй пажыві пакуль, цяпер усе так робяць. Але дужа да галавы не бяры і жаніцца з ёй нават не думай. Нібыта ён сам не разумее. Ага, ажэнімся, сценку купім, такую, каб усёй маласямейцы спадабалася: і Віталю, і жонцы ягонай, і Хамутовым з дзясятай, і сяброўцы Наташы, іхнім гасцям, родзічам. Галя, канечне, адразу ў дэкрэт пойдзе, пасля ў другі, каб мужык нікуды не падзеўся. Я выхавацелем у дэфектыўны інтэрнат уладкуюся і застануся ў гэтай маласямейцы, пакуль нагамі ўперад не вынесуць. Будзем жыць — капейкі лічыць. Ніхто і зваць ніяк. Дома хоць дзядзька і гаспадарка, а тут што? Галя, Галя… Знойдзе сабе іншага беспрытульніка. «Баб усюды хватае. Нашто табе, сынок, старыя косткі! Хамут на шыю! Паспееш. Бацьку слухай. Бацька жыццё пражыў. Вывучышся, нагуляешся, пры пасадзе будзеш, дык усватаеш сабе маладую, прыгожую ды хадзяйлівую», — прыгадалася шматкроць чутае.
— Ай, гуляй, Гык, пакуль гуляецца! Як дахаты прыязджаеш, трохі збіраецеся? Кніжкі чытаеце? Ну, у сэнсе, п’яце гарэлачку? — працягваў пацвельвацца Віталя.
Юрка такім паваротам размовы ўсцешыўся. Выпіўка з сябрамі заўжды была для яго найлепшым адпачынкам і цікаваю тэмай для гутаркі. А пахваліцца ён меў чым:
— А то! Хлопцы ў нас чоткія, вучыліся разам. Мясціны прыгожыя! Дняпро за дзесяць хвілін ходу. У выхадны набяром бухла — і на пікнік. Сто грамаў накаціш, гурком з гарода прыкусіш, вакол птушкі ціўкаюць, рыбка выскачыць — луской блісне! Прырода!
— У вас жа там радыяцыя, — скептычна прабубнеў Віталя, яўна зайздросцячы маладому суседу.
— Ай, дзядзька казаў, яна ўся растварылася, — запэўніў Гык. — А калі дзень нараджэння ў каго, дык мы агонь распалім, шашлыкі смажым, музыку з сабою бяром! Вось тым годам я нагу зламаў, а ў Лысага провады былі — прастаўляўся, дык Нікацін, Карэлы і Лемяшонакменшы мяне на руках гарэлку піць неслі! Напрасткі праз луг перлі, як ласі па кукурузе! Я ж кажу — чоткія хлопцы!
— Дык ты ж, браце, аказваецца, турыст! Вось так і напішы ў сваім сачыненні — чаго мучыцца, выдумляць нешта?
— Які турыст? Я ж не па гэтых справах!
— П’янка на прыродзе — пакультурнаму аднадзённы паход. Калі я ў 90я на турбазе працаваў — гэта так называлася. Толькі ты замест «бухаў» пішы — на матылькоў дзівіўся, — павучаў Віталя.
— Ага, і матылькоў у нас шмат, і розных казюрак. На траву звалішся, а яны там траскочуць! Я нават бабра бачыў, — шчыра цешыўся хлапец, не разумеючы сарказму. — Вось на тыя выходныя прыеду. Карэлы якраз з Расіі вернецца. Збяромся, у старога ДжынТоніка возьмем мангал. Пагуляем!
— Ты ж яшчэ напісаць не забудзься, што прыроду родную любіш. Дырэктар рыбнай базы, каторага я вазіў, заўжды так карэспандэнтам казаў, калі яны пра ягонае хобі пыталіся. У выніку — паўзавода на свежым паветры прапіў! За гэта яго й выперлі, і мяне ўслед…
— Ну, Віталя, ну, галава — два вухі! Ды табе трэба міністрам быць, а не склад ахоўваць! — узрадаваўся Гык, працягнуўшы суседу цыгарэты і запальнічку. Праблема вырашылася. Па нечапаным аркушы самацёкам пабеглі каравыя, але шчырыя радкі.
«…Беларуская прырода — самая прыгожая ў свеце. У нас шмат лясоў, палёў і азёраў. У маім родным горадзе ёсць рака Дняпро. Па берагах ракі расце трава, чарот, вярба, але бываюць і пясчаныя пляжы. У выходныя дні мы з сябрамі любім хадзіць у краязнаўчыя паходы па родных мясцінах.Там мы палім вогнішча, ставім палатку, слухаем музыку і назіраем за прыродай. Я люблю глядзець, як заходзіць сонца і спяваюць птушкі. У нашых краях многа розных звяроў: бабры, ласі, ластаўкі і краснапёркі. Хаця раней у нас была радыяцыя, але ўсё жывое ўсё роўна жыло, жыве і будзе жыць!!!» — так, да Якуба Коласа Гоману далёка, пасміхнулася выкладчыца беларускай мовы Марыя Захараўна, прачытаўшы вытрымку з сачынення ўголас.
— Затое патрыятызм які! Ды і на лекцыях Гоман сядзіць як цвік, бывае і канспекты з сабою носіць. Не тое што Кабанюк і Уласенка, — падтрымала студэнта куратарка групы. — Што зробіш, Марыя Захараўна, і на раёнах кадры патрэбны. Можа, яшчэ лепш за каторага выдатніка ўладкуецца.
— Ды ўжо гэты без працы і пасады не застанецца, будзьце ўпэўнены. Усюды пішчом пралезе, — пагадзілася выкладчыца, распісаўшыся ў залікоўцы…
Ускраіну горада, а калі дакладней, пасёлка гарадскога тыпу, забудаваную прыватнымі дамкамі, апанавала вясновая квецень. Ля плота буяў бэз, пад плотам красавалі браткі.
Дзябёлая кабета ў блакітным халаце, аздобленым белымі лебедзямі і чырвонымі ружамі, падобная да персідскага шаха, перастрэўшы ля сваіх веснічак сяброўку з сынам — дробненькую жанчынку ў шэрым плашчыку і падобнага на яе хлапчука гадоў шаснаццаці — адразу пачала хваліцца:
— Мой жа сын такі разваротлівы! Калі яшчэ тая сесія, а яму ўжо сёння самы цяжкі залік аўтаматам паставілі. Казаў, самаму першаму з групы! Шанцуе майму Юрку і з вучобай, і з дзеўкамі!
— Во маладзец! — падтакнула сяброўка, адразу засакатала пра сваё. — Дасць бог, і мой Міша сёлета паступіць. На філфак ва ўніверсітэт збіраецца. Нікуды гуляць не ходзіць. Вечарамі дома сядзіць, усё чытае ды нешта піша! А вы з заўмагам Кашчучыхай мо хутка сватамі будзеце? — пасміхнулася жанчынка, не заўважыўшы, як сцяўся ўвесь, нібы дубцом па голай патыліцы сцебанулі, яе сын. — А то ўсё як ні іду ў суботу з другой змены, дык твой Юрка з меншаю Кашчучкай, Лізаю, Мішкавай аднакласніцаю, стаіць».
— Ды хто ж яго ведае, тутака не ўгадаеш! — аджартавалася шчаслівая матка паспяховага сына. Жанчыны працягвалі балбатаць. Міша стаяў побач, апусціўшы вочы долу, быццам яго з крадзеным парасём злавілі. Пасля цёплага дожджычка па вуліцы беглі вясёлыя раўчукі. У вечаровай бэзавай смузе заліваўся салоўка.