Галоўная бібліятэка польскага горада Румя «Станцыя культура», якая знаходзіцца на чыгуначным вакзале, была прызнаная самай прыгожай у свеце. Аб'ект атрымаў перамогу ў міжнародным конкурсе Library Interior Design Awards у катэгорыі Single Space Design.
Малгажата Каноўнік з Інстытута кнігі распавяла, што «Станцыя культура» атрымала перамогу над праектамі з Канады, ЗША і Кітая. Пераможцу вызначыла журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Амерыканскай асацыяцыі бібліятэк і Міжнароднай асацыяцыі дызайнераў інтэр'еру.
Фота: facebook.com/Sikora Wnętrza
Конкурс Library Interior Design Awards праводзіцца раз на два гады. Галоўнымі крытэрамі пры ацэньванні дызайну бібліятэк з усяго свету з'яўляюцца эстэтыка, крэатыўнасць і функцыянальнасць памяшканняў. Узнагароды даюцца ў розных катэгорыях, у залежнасці ад велічыні і колькасці памяшканняў, а таксама спецыялізацыі бібліятэк.
Праект «Станцыя культура» быў рэалізаваны ў 2014 годзе ў рамках урадавай праграмы «Бібліятэка + інфраструктура бібліятэк 2011-2015», якую ўзначальваў Інстытут кнігі.
На дызайн інтэр'еру, набыццё і мантаж абсталявання бібліятэка атрымала 735 тыс. злотых (каля 170 тыс. еўра). «Мы вельмі рады, што дзякуючы падтрымцы дзяржавы, польскія бібліятэкі лічацца самымі прыгожымі ў свеце», — падкрэсліла Малгажата Каноўнік.