Аляксандр Лукашэнка ўказам № 157 ад 27 красавіка ўнёс дапаўненні і змяненні ў некаторыя ўказы ў мэтах прывядзення іх у адпаведнасць з законам «Аб альтэрнатыўнай службе».

У прыватнасці, паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, дапаўняецца палажэнне аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанае ўказам ад 25 жніўня 2006 года № 530. Грамадзяне, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, у выпадку нанясення шкоды жыццю і (або) здароўю змогуць атрымліваць страхавыя выплаты ў рамках абавязковага дзяржаўнага страхавання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў яны змогуць таксама аздараўляцца з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Звольненыя з альтэрнатыўнай службы па хваробе ў сувязі з прызнаннем ваенна-медыцынскімі камісіямі непрыдатнымі да яе з выключэннем з воінскага ўліку атрымліваюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў).

Дапаўненні ўносяцца ва ўказ ад 1 жніўня 2011 года № 336 «Аб некаторых гарантыях грамадзянам, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу». Тым, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, на гэты перыяд будзе давацца адтэрміноўка вяртання (пагашэння) крэдыту, у тым ліку льготнага, на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылля і выплаты працэнтаў за карыстанне гэтым крэдытам.

Ва ўказе ад 19 студзеня 2012 года № 41 «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе» замацоўваюцца агульныя ўмовы яе прадастаўлення для грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу і тэрміновую ваенную службу.

Асноўныя палажэнні ўказа № 157 набудуць моц 1 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?