Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта расследуе справу па ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж, учынены ў буйным памеры) у дачыненні да 18-гадовай навучэнкі аднаго з прафесійных ліцэяў горада.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўлення СК Марына Дранькова, дзяўчына падазраецца ў тым, што 22 красавіка ў Брэсце, знаходзячыся ў здымнай кватэры 45-гадовага мужчыны, выкрала з кішэні яго адзення 8 тысяч еўра.
Пацярпелы разам з прыяцелем пазнаёміўся з дзяўчынай і яе сяброўкай напярэдадні ўначы ў адным з бараў Брэста. Затым усе пайшлі да яго дадому. Там кампанія працягнула распіваць спіртныя напоі. Днём 45-гадовы мужчына заснуў. Прачнуўшыся ўвечары, ён выявіў прапажу грашовых сродкаў. Дзяўчат да гэтага часу ў кватэры ўжо не было.
Мужчына паведаміў пра здарэнне ў міліцыю.
Пацярпелы — замежны грамадзянін. Ён растлумачыў, што ў Брэсце займаецца адкрыццём кавярні.
Супрацоўнікі Маскоўскага РАУС Брэста затрымалі дзяўчат. Пры іх была частка выкрадзенай сумы. Астатнія грашовыя сродкі былі знойдзеныя ў ходзе вобшуку па месцы жыхарства сяброўкі 18-гадовай ліцэісткі, якая пакінула ў яе валюту.
25 красавіка ў дачыненні да падазраванай прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Дзяўчына раскаялася ў зробленым і заявіла, што грошы выкрадала адна.
Калі ёй на мабільны тэлефон пазваніў з прэтэнзіямі пацярпелы, пагражаючы паведаміць аб крадзяжы ў праваахоўныя органы, яна з сяброўкай прыйшла да яго дадому, каб урэгуляваць канфлікт. Там іх ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі.
Падазраваная судзімасцяў не мае, раней прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за распіванне спіртных напояў у грамадскім месцы.
Следства вырашае пытанне аб кваліфікацыі дзеянняў фігуранткі крымінальнай справы і далейшай меры стрымання.