Крыж у памяць выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, этнографа і публіцыста XX стагоддзя Вацлава Ластоўскага 29 красавіка асвяцілі на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам.

БелаПАН

БелаПАН

Крыж вышынёй 5 метраў зроблены з моранага дуба і пакрыты мастацкай разьбой. Яго аўтары — жывапісец Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрый Камандзірчык. Крыж ствараўся на добраахвотныя ахвяраванні і быў усталяваны тыдзень таму па ініцыятыве аргкамітэта па стварэнні Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага.

Асвяціў крыж святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч. У цырымоніі ўзялі ўдзел каля 30 чалавек, у тым ліку журналісты: гісторык, публіцыст Анатоль Тарас, журналіст і гісторык Марат Гаравы, палітык Вячаслаў Сіўчык, грамадскія актывісткі Вольга Нікалайчык і Наталля Басалыга, мастакі Алесь Марачкін і Мікола Купава ды іншыя.

На асвячэнні памятнага знака намеснік старшыні пакуль яшчэ не зарэгістраванага Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага Віктар Яўмененка адзначыў, што арганізацыя «аб'ядноўвае людзей, якіх цікавіць гісторыя гэтага краю». «Менавіта таму мы абралі нашым патронам Ластоўскага — бацьку беларускай гістарыяграфіі, аднаго з бацькоў беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці», — сказаў ён.

Мастак Алесь Цыркуноў зазначыў, што крыж усталяваны ў памяць не толькі Ластоўскага, «але і ўсіх яго паплечнікаў — волатаў, якія свядома ішлі на пагібельную справу дзеля адраджэння беларускага народа і стварэння дзяржавы». «Зрабіць просты, дзяжурны крыж я не мог… Надышоў час ставіць такія знакі, якіх заслугоўваюць гэтыя людзі», — адзначыў Цыркуноў.

Знак уяўляе сабой шасціканцовы крыж белага колеру. На верхнім промні крыжа намаляваны гістарычны герб «Пагоня», у цэнтры — укрыжаваны Хрыстос. На бакавых промнях — элементы беларускага нацыянальнага арнаменту. Ніжэй за распяцце выразаны бюст Ластоўскага.

Варта зазначыць, што на гэтую цырымонію запрашаліся таксама прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі і Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Аднак яны не прыйшлі.

Вацлаў Ластоўскі (08.11.1883 — 23.01.1938) быў актывістам Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша ніва», уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» і з'яўляўся старшынёй кабінета міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ластоўскі выступаў супраць савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і цэласную Беларусь. У пачатку 1920-х гадоў ён наведаў шэраг краін Заходняй Еўропы, дзе адстойваў правы беларускага народа. З красавіка 1927 года працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інстытуце беларускай культуры, сакратаром Беларускай акадэміі навук. Даследаваў старажытнабеларускую гісторыю, літаратуру і паходжанне назвы «Беларусь». Аўтар гістарычных літаратурных твораў, апавяданняў, успамінаў і артыкулаў пра вядомых дзеячаў нацыянальнага адраджэння. Перакладаў на беларускую мову творы класікаў рускай, англійскай, польскай і дацкай літаратур.

Двойчы, у 1930 і 1937 гадах, Ластоўскі падвяргаўся арыштам. Пасля першага арышту быў сасланы на пяць гадоў у Саратаў (Расія), пасля другога — прысуджаны да расстрэлу як «агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?