Камітэт дзяржаўнай бяспекі працягвае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні бізнэсмена Юрыя Чыжа і ягонай кампаніі «Трайпл».
Як стала вядома «Нашай Ніве», у яго рамках былі арыштаваныя актывы «Трайпла». Пастанова аб накладанні арышту была вынесена 28 сакавіка 2016 года.
Адзін з актываў — знакаміты «Дом Чыжа» каля Траецкага прадмесця. У ім заставаліся нераспрададзеныя 27 кватэр — ад аднапакаёвак плошчай 55м2 да вялікіх апартаментаў плошчай каля 300 м2.
Фота Сяргея Гудзіліна.
Гэтыя кватэры былі ў закладзе беларускіх банкаў. Нерухомасць дазваляла Чыжу атрымліваць крэдыты. Выглядае, што аддаваць іх своечасова ён не мог.
Фота Сяргея Гудзіліна.
Напрыклад, у верасні 2013 года «Трайпл» адкрыў у «Белінвестбанку» крэдытную лінію на $10 мільёнаў. Грошы мусілі быць вернутыя да 31 снежня 2015 года. Аднак за дзень да сканчэння тэрміну Чыжу ўдалося перападпісаць дамову — ён абавязаўся сплаціць $10,2 мільёна, але ў пачатку 2017 года.
Банк ВТБ выдаў Чыжу пад заклад нерухомасці 7,6 мільёна еўра, а іншай дамовай — яшчэ $3 мільёны.
Амаль усе арыштаваныя кватэры не мелі гаспадароў, і па паперах яшчэ належалі «Трайплу». Адзінае выключэнне — трэнер фрыстайлістаў Мікалай Казека і яго жыллё.
Мікалай Казека справа.
Мікалай Казека — гэта той самы трэнер, вучні якога заваявалі на зімовых Алімпіядах шэсць медалёў, у тым ліку тры залатыя. Некаторыя з іх, Ала Цупер і Антон Кушнір, атрымалі кватэры ў доме «Ля Траецкага» ў падарунак ад Юрыя Чыжа. А для іх трэнера было вырашана зрабіць зніжку.
Доўгі час жыллё ў «Доме Чыжа» прадавалася па $3000 за квадратны метр. Праз крызіс цэны на нерухомасць абваліліся, і «Трайпл» знізіў цану на рэшту непрададзеных кватэр да $2000.
Але для Мікалая Казекі летась было зроблена выключэнне. Чыж пагадзіўся прадаць яму кватэру плошчай 105 квадратных метраў у растэрміноўку ўсяго па $1000 за метр. Трэнер мусіў канчаткова выплаціць грошы да сярэдзіны 2018 года. Да таго часу праваўласнікам заставаўся «Трайпл». Калі КДБ заняўся маёмасцю «Трайпла», пад арышт трапіла і кватэра Казекі.





