У нашы дні імклівае развіццё інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій цалкам змяняе не толькі асяроддзе чалавека, але і ўвесь лад жыцця. Ствараюцца новыя галіны вытворчасці і эканомікі, рынак працы рэагуе і гнутка трансфармуецца пад уплывам апошніх тэндэнцый. Але ці паспявае за гэтымі зменамі традыцыйная фармальная адукацыя? Як выхоўваць дзяцей, каб яны былі падрыхтаванымі да жыцця ў новых умовах, якія значна адрозніваюцца ад умоў жыцця іх бацькоў? Гэтыя пытанні «Наша Ніва» абмеркавала ў гутарцы з каардынатаркай адукацыйнага праекта для падлеткаў TeenGuru Надзеяй Пуцята.

«НН»: Надзея, як паўстаў праект «TeenGuru»? Якія ў яго мэты?

НП: Праект пачаўся ў студзені 2015 года. Арганізатарам з’яўляецца стартап-пляцоўка Imaguru. Мэтай праекта з’яўляецца дапамога беларускім дзецям і падлеткам развіць прадпрымальніцкае мысленне, атрымаць камунікатыўныя навыкі і проста арыентавацца ў сучасных прафесіях і рынку працы.

«НН»: У якой форме адбываецца праект?

НП: Мы вучым хлопцаў і дзяўчат асновам прадпрымальніцтва: яны знаёмяцца з метадам дызайн-мыслення, які дазваляе ствараць інавацыі; даведваюцца, як стварыць уласную кампанію, сабраць сваю каманду, распрацаваць бізнэс-мадэль. Падлеткі вучацца быць лідарамі, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Акрамя гэтага, хлопцы і дзяўчаты набываюць навыкі публічных выступаў і перамоў.

Самае галоўнае, навучанне арыентаванае на практыку і адбываецца пры непасрэдным удзеле бізнэс-асоб і прадпрымальнікаў. Сярод нашых ментараў такія вядомыя ў Беларусі асобы, як Юрый Зісер, Аляксандр Кныровіч. Дзеткі могуць ужо цяпер паглядзець на бізнэс-працэсы звонку, а дасведчаныя ментары могуць падзяліцца ўласным досведам. У нас ёсць як інтэнсіўныя курсы (на школьных вакацыях), так і працяглыя.

«НН»: Якія дзеці ходзяць да вас? У вас закрыты элітарны клуб, куды ходзяць толькі дзеці бізнэсоўцаў?

НП: Ні ў якім разе! У нас дзеці з самых розных сем’яў. Галоўнае, што іх аб’ядноўвае, гэта надзвычай высокая матывацыя. Сярод нашых навучэнцаў няма такіх, хто ходзіць да нас пад прымусам бацькоў.

«НН»: Часам можна пачуць, што сучасныя дзеці вучацца горш, чым вучыліся старэйшыя пакаленні, што яны гультаі і ўвесь свой вольны час бавяць за камп’ютарнымі гульнямі.

НП: Я заўсёды чую падобныя думкі, што цяперашнія дзеці — гэта страчанае пакаленне. Але я з гэтым катэгарычная нязгодная. Так заўсёды казалі, і так будуць казаць і далей. Сучасныя дзеці дакладна не горшыя за нас. У чымсьці яны нават лепшыя. Яны па-іншаму ўспрымаюць свет, у іх іншыя героі…

«НН»: Напрыклад?

НП: Вось савецкія дзеці, у іх героямі былі касманаўты альбо палярнікі. У нас, дзяцей 90-х, герояў амаль не было ніякіх, на жаль. А цяпер героямі для дзяцей з’яўляюцца такія асобы, як Стыў Джобс альбо Ілан Маск.

«НН»: А якія веды дзеці атрымліваюць цяпер у школах? Ці дастаткова іх для рэальнага дарослага жыцця?

НП: Школа, на жаль, не рыхтуе да дарослага жыцця. Яна рыхтуе да здачы ЦТ і паступлення ва ўніверсітэт. І гэта сур’ёзная праблема. Ніхто не дбае пра прафесійную арыентацыю школьнікаў. Многія падлеткі нават не ўяўляюць, якія ёсць цяпер прафесіі і якая сітуацыя на рынку працы. У мяне ёсць адна знаёмая, якая хацела паступіць у ВНУ на маркетолага, таму што думала, што маркетолаг гэта чалавек, які здымаецца ў рэкламе. Каб не было такіх абсурдных гісторый і няправільных уяўленняў наконт будучай прафесіі, з падлеткамі абавязкова трэба працаваць і тлумачыць ім, умоўна кажучы, хто такі «маркетолаг» і чым займаецца «бізнэс-аналітык».

А яшчэ ў школе, у тым ліку вышэйшай школе (універсітэтах і інстытутах), на жаль, не вучаць таму, як рабіць добрае рэзюме і праходзіць сумоўе. Фармальная адукацыя рэальна не паспявае за патрэбамі рынку. І гэта не толькі беларуская праблема.

«НН»: Вашы маладыя ўдзельнікі ўжо здолелі рэалізаваць які-небудзь рэальны праект?

НП: Мы перад сабой не ставілі падобнай мэты, але нашы таленавітыя навучэнцы здолелі распрацаваць некалькі цікавых ідэй на ўзроўні канцэпцый. І некаторыя беларускія бізнэсоўцы высока ацанілі гэтыя ідэі і выказалі гатоўнасць дапамагчы з іх рэалізацыяй. Сярод такіх ідэй, напрыклад, вусцілкі для абутку з падагрэвам, спартыўныя праграмы для мабільных тэлефонаў, антыстрэсавы пакой і іншыя. Таму можаце не хвалявацца, у Беларусі ёсць шмат таленавітых дзяцей і падлеткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?