Сёння мы паведамілі пра дзікія метады выхавання, што практыкуюцца ў баранавіцкіх дварах.

На відэа з камеры назірання, што патрапіла ў інтэрнэт, відаць, як дарослы мужчына трымае чужое дзіця, пакуль ягоны ўласны сын наносіць таму тузін удараў нагамі. 

Гэтае відэа ў сеціва загрузіла маці пацярпелага хлопца.

Гісторыя выклікала шквал абмеркавання ў сацыяльных сетках. 

Але як было насамрэч? Мы звязаліся з бацькамі абодвух дзяцей. 

Вось што нам расказала Ірына, маці збітага падлетка. 

«У той дзень да нас у кватэру гуртам уваліліся суседскія дзеці, прывялі нашага Кліма, — эмацыйна распавяла жанчына. — Той маўчаў, нічога не мог сказаць. Ды і прывялі яго, таму што ён без акуляраў быў, а без іх нічога не бачыць, у яго прыроджаная блізарукасць высокай ступені. Ну і ён стаіць, толькі носам шмыгае. А нос чырвоны, нібыта сліва. Мы давай пытацца — а што нарабілася, а чаму ты ў такім стане? Тут ён як заплача! Дзеці гэтыя наперабой штосьці гамоняць: «дзядзька», «заступіўся»… Нічога не зразумела. Сын выціснуў з сябе, што ён заступіўся за свайго сябра, якога біў суседскі хлопец — проста пхнуў таго. А ў адказ выляцеў бацька і пачаў збіваць за гэта Кліма». 

Паводле Ірыны, пасля гэтага яны адразу кінуліся ў суседскую кватэру, на якую паказалі дзеці. 

«Пачалі разбірацца, што там як было. Я ж тады яшчэ відэа не бачыла, не ведала, як там што. А там той Віця п'яны ў дым, кажа штосьці незразумелае, на нагах не стаіць. Мой муж яму: «Хадзем, пагаворым». На эмоцыях быў, але не стаў з ім у кватэры адносіны высвятляць. Ну а Віця за жонкай хаваецца, нічога не дамагліся мы тады», — распавяда жанчына. 

Паводле яе слоў, пасля таго, як яны ўбачылі відэа з камеры назірання, то падалі на суседа ў суд. 

«У майго сына былі лёгкія цялесныя пашкоджанні, так экспертыза ўстанавіла! Але ўжо ж амаль месяц прайшоў, складу крымінальнага злачынства міліцыя не выявіла. Толькі штраф яму там нейкі дадуць. Але як жа так? Гэты чалавек збіў майго сына, а яму толькі штраф! Я таму і выклала відэа ў інтэрнэт, каб людзі бачылі, як у нас бывае. Мой сын цяпер у пад'езд баіцца заходзіць! На ліфце не ездзіць! Кажа, а што, калі зноў таго дзядзьку сустрэну? Гэта велізарны шок для дзіцяці», — на эмоцыях дадала Ірына. 

Жанчына таксама сказала, што будзе дамагацца таго, каб іхняга суседа ўсё ж прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. 

Але што ж той сусед? Мы звязаліся і з ім. 

Версія Віктара адрозніваецца ад версіі Ірыны.

«Ну так, я пагарачыўся, няправільна зрабіў, на эмоцыях. Але вы ж зразумейце, што ў той дзень гэты Клім так майго сына адлупіў, што ў нас страсенне мазгоў дыягнаставалі!» — агучыў сваю версію мужчына, што на відэа трымае Кліма. 

«У той дзень прыбягае дадому малодшы мой увесь у слязах ды крычыць: «Тата-тата, там Рому б'юць». Я адразу на вуліцу — а там майго сына гэты Клім па зямлі катаў, нагамі мутузіў, збіў яго капітальна. Мы ж потым колькі лячыліся! Страсенне мазгоў дыягнаставалі! Дактары казалі, што ў бальніцу трэба. Але мы сына пасля такога стрэсу не наважыліся адпускаць, ён дома ляжаў. А колькі лекаў выхлебалі!» — расказаў мужчына і запэўніў, што ўсе паперы аб лячэнні сына ў яго на руках. 

[Дарэчы, калі мы папрасілі мужчыну выслаць фота адпаведнага запісу ў амбулаторнай кніжцы, той нам нічога не даслаў. — Рэд.]

«А тое, што ён яго нібыта толькі піхнуў, дык хлусня гэта. Чаго ў яго тады ўся галава і твар у драпінах былі?» — кажа Віктар.

Паводле мужчыны, канфлікт паміж дзецьмі разгарэўся падчас гульні ў футбол, маўляў, не падзялілі мячык. 

«Але гэта не першы раз ужо Клім сына нашага Рому біў. Але мы неяк гэта не ўздымалі так сур'ёзна, ну дзеці, ну б'юцца, ну пройдзе. Мы нават пасля гэтага здарэння не сталі заяву пісаць, хоць нам раілі ў міліцыі. Але калі ўжо яны выклалі гэтае відэа ў інтэрнэт, то мы, відаць, заяву ўсё ж пададзім», — сказаў таксама мужчына. 

Але сёння ён шкадуе, што менавіта такім чынам вырашыў правучыць суседскага Кліма. 

«Ну так, пагарачыўся, на эмоцыях, са злосці. Я правучыць хацеў, сам жа я не біў яго, але ўсё адно няправільна, вядома, прызнаю. Ну і п'яным я не быў, як яны там кажуць, хлусня гэта». 

Паводле Віктара, цяпер ягоныя сыны таксама баяцца выходзіць на вуліцу. 

А пасля перанесенага, нібыта, страсення, старэйшы перастаў прыносіць са школы дзясяткі і скаціўся да сямёрак. 

Таксама неўзабаве пасля публікацыі ў рэдакцыю набрала бабуля Ромы Вікторыя Мікалаеўна. 

Жанчына казала, што звязацца з намі яе змусіла хлусня, што нібыта распаўсюджваецца ў інтэрнэце пра Віктара і выпадак агулам. 

«Нашую сям’ю ўжо месяц данімаюць! І толькі ўсё сцішылася, як на табе – Клімавы бацькі заліваюць відэа ў інтэрнэт».

«Вы зразумейце, што мы столькі ўсяго нацярпеліся. І ў школе колькі размоваў было, і ў міліцыі. Але гэта ж мы не сталі нікуды на іх заяўляць, што Клім дзіцёнка нашага галавой аб асфальт прыклаў! Даравалі, забылі», — сказала жанчына.

«Сёння Віктар, як гэта ўсё па сацыяльных сетках пайшло, зноў ляжыць з прыступам. Ён гіпертонік. Не павёз дзяцей на плаванне, бо не можа. У чалавека ціск вялізны, а яго ў алкаголікі запісваюць! – працягнула жанчына. — Дык і ў той вечар у яго прыступ быў, ён на канапе ляжаў, а тут другі ягоны сын прыбягае ў слязах, а на вуліцы Рома. А як вам у такой сітуацыі будзе? А іншым маралістам, у якіх дзеці ё? Хай сабе ўявяць. Так, ён не меў права так абыходзіцца з Клімам, але ж накіпела. Гэты хлопец ужо не тыдзень і не месяц нашага Рому даймае, бо той малодшы, не можа яшчэ даць адпору. Калі б мы ўсе такія выпадкі здымалі на відэа і выкладалі…».

«Адразу як дадому Рому прывялі, той коўзаўся на канапе «Вой, галава як баліць». Мы адразу ж у бальніцу – там дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, месцаў у бальніцы яшчэ не было, мы дома засталіся лячыцца. Дык гэта ж не рука, не нага, а галава! А хлопец малы зусім. Што, проста так ён горш вучыцца стаў? Мы тут страшна баімся за наступствы. Хай бы лепш сям’я Кліма навучыла яго малодшых не біць, а не відэа ў інтэрнэт выкладаць», — падсумавала жанчына.

Але тут яшчэ застаюцца пытанні. 

Ці праўда, што ў Ромы дыягнаставалі страсенне і, пры гэтым, не паклалі ў бальніцу «бо не было месцаў»? 

А таксама як мог такі знявечаны, са словаў бацькоў, хлопец так біць гэтага Кліма? 

Зрэшты, сёння афіцыйную версію мы не пачулі, але заўтра яшчэ раз паспрабуем узяць каментарый у баранавіцкай міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?