Сайт спыніў сваю працу, бо былі ўзламаныя паролі і пачалося несанкцыянаванае зьмяненьня кантэнту, сьцьвярджае Павал Шарамет.

26 красавіка пачалася ddos-атака на сайт «Беларускі партызан» (www.belaruspartisan.org). З 69 адрасоў з Парагваю, Амстэрдаму і Паўднёва-Ўсходняй Азіі на сэрвэр сайту ішлі атакі. Нагадаем, што ў той самы дзень падобныя праблемы зьведалі сайты радыё «Свабода» і «Хартыі-97». Празь нейкі час гэтая атака была адбітая. Прынамсі, 29 красавіка «Беларускі партызан» нармальна абнаўляўся, але ўжо празь дзень на сайце зьявіліся артыкулы зь дзіўным зьместам.

Ад імя аднаго з аўтараў сайту Паўла Шарамета зьявіўся крытычны артыкул пра Барыса Нямцова. Іншыя навіны дня таксама больш нагадвалі стужку дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Аўтарка «Беларускага партызану» Сьвятлана Калінкіна адразу заявіла, што на сайце «пішуць беларускія спэцслужбы».

З таго моманту прайшоў ужо тыдзень, але партал па-ранейшаму недаступны для інтэрнэт-карыстальнікаў. Каб праясьніць сытуацыю, мы патэлефанавалі ў Маскву Паўлу Шарамету. Вось што ён расказаў «Нашай Ніве»:

«Былі ўзламаныя паролі, якія давалі магчымасьць рэдагаваць сайт. Пачалося несанкцыянаванае зьмяненьня кантэнту. Тыя, хто ўзламаў «Партызан», замянілі нашы паролі на свае і пачалі выстаўляць усякія дурацкія матэрыялы. Гэта працягвалася цягам гадзіны-паўтары, да таго моманту пакуль мы не адключылі сэрвіс. Цягам некалькіх дзён мы аналізавалі наколькі далёка зайшлі гэтыя хакеры, наколькі сур’ёзна разбураная сыстэма сайту. Ад узлому пароляў не застрахаваны ніводзін сайт».

Дык ці адновіць працу «Беларускі партызан»? «Так, літаральна цягам некалькіх дзён», – кажа П. Шарамет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?