Выступаючы 3 мая з апошнім словам у судзе Фрунзенскага раёна Мінска, Тарас Аватараў неаднаразова заявіў, што выбуховае прыстасаванне здаў праваахоўнікам і сваімі дзеяннямі «прадухіліў тэрарыстычны акт на тэрыторыі Мінска».

Жыхар Наваполацка Тарас Аватараў (да 2011 года — Поспіх) быў затрыманы на чыгуначным вакзале ў Мінску раніцай 26 лістапада мінулага года. Пры вобшуку ў яго былі знойдзеныя маска з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове аскепкавай гранаты, сігнальны пісталет, падобны на ПМ, электронныя носьбіты, чорна-чырвоны сцяг, а таксама даведка пра ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Украіны ад імя «Правага сектара». У момант затрымання на ім была армейская бронекамізэлька.

Аватараў абвінавачваецца ў незаконным абароце выбуховага прыстасавання на аснове аскепкавай гранаты для станковага гранатамёта АГС-17 «Полымя» і яго незаконным перамяшчэнні цераз мытную мяжу Беларусі (ч. 2 арт. 295 і ч. 2 арт. 228 КК). Віну па першым складзе ён прызнаў, па другім — не.

Паводле яго слоў, аб`ектыўным сведчаннем прадухілення тэракта з`яўляецца «пераезд тройкі (кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе) з гатэля «Еўропа» ў гатэль «Прэзідэнт», непрыезд ў Мінск лідараў ДНР і ЛНР». «Тэракт мог быць накіраваны толькі супраць іх», — сказаў Аватараў. Ён папрасіў суд «усвядоміць гэта».

У апошнім слове абвінавачаны таксама заявіў: «Рашэнне аб маёй пасадцы прынятае не тут».

Адзіным злачынствам, якое здзейсніў у жыцці, Аватараў назваў тое, што стаў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. «Мне сорамна быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь», — заявіў ён.

Маючы на ўвазе папраўкі ў заканадаўства аб увядзенні крымінальнай адказнасці за экстрэмізм, якія набылі моц сёння, негатыўна іх ацэньваючы, Аватараў заявіў: «Будучы добраахвотнікам, я з`яўляюся ідэалагічным наймітам, мне сорамна быць грамадзянінам сваёй краіны».

У адрозненне ад дзяржабвінаваўцы, Аватараў лічыць, што па складзе злачынства аб незаконным абароце выбуховага прыстасавання ў яго ёсць тры змякчальныя акалічнасці: яўка з павіннай, садзейнічанне следству і прызнанне віны. У гэтым выпадку, паводле слоў абвінавачанага, магчымае пакаранне за гэтае злачынства павінна быць зніжанае як мінімум у два разы ад максімальнага, гэта значыць з сямі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

У той жа час дзяржабвінаваўца папрасіў для Аватарава на падставе часткі 2 артыкула 295 КК чатыры гады пазбаўлення волі, а ўсяго з улікам інкрымінаванай кантрабанды — пяць гадоў пазбаўлення волі.

Паколькі Аватараў упэўнены, што ён добраахвотна здаў выбуховую прыладу, то ў цэлым, на яго думку, наогул павінен быць вызвалены ад крымінальнай адказнасці за незаконны абарот выбуховага прыстасавання.

Прысуд па справе Тараса Аватарава будзе абвешчаны 5 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?