Беларусь з 1 студзеня 2016 года мае падставы плаціць больш нізкую цану на газ, чым аб'яўляе «Газпром Трансгаз Беларусь». Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка ў час адкрыцця Беларускага прамысловага форуму.

«З 1 студзеня гэтага года мы маем усе падставы, каб нашы суб'екты гаспадарання мелі больш нізкую цану, чым нам прад'яўляе суб'ект гаспадарання Беларусі са статусам замежнага прадпрыемства «Газпром Трансгаз Беларусь», - сказаў Уладзімір Сямашка. Гаворачы аб абгрунтаванасці цаны на расійскі газ, віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што гэта пытанне ўзаемаадносін суб'ектаў гаспадарання. «Я не ведаю, чаму цяпер такі ажыятаж. Гэта адносіны нашых аблгазаў з ААТ «Газпром Трансгаз Беларусь». «Газпром Трансгаз Беларусь» падаў у арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, лічачы, што аблгазы крыху недаплачваюць за той газ, які мы атрымліваем з 1 студзеня 2016 года. Але нашы галіновікі лічаць, што яны робяць абсалютна правільна і карэктна, таму што ў нас падпісана цэлая сістэма пагадненняў на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін», — падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Размова ідзе аб пагадненні ад 2010 года аб парадку доступу да паслуг пэўных манаполій, пагадненні ад 2011 года аб парадку фарміравання цэн на прыродны газ у Беларусі і дагаворы ад 29 мая 2014 года аб стварэнні ЕАЭС. «Там усё дакладна распісана - калі, што, якія цэны дзейнічаюць, якія падыходы да фарміравання гэтых цэн ёсць», — канстатаваў віцэ-прэм'ер.

Раней Уладзімір Сямашка выказаў меркаванне, што ёсць істотныя падставы для зніжэння цаны на расійскі газ у 2016 годзе. Гэта пытанне 26 лютага пракаменціраваў журналістам і міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык. «Ідзе сур'ёзная работа з расійскім бокам па гэтым пытанні», - адзначыў міністр.

Тое, што кансультацыі па скідцы на газ для Беларусі будуць прадоўжаны, у канцы лютага пацвердзіў журналістам кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?